Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты дзень абароны Курапатаў: «Дзясяткі, сотні бароняць нацыянальную сьвятыню»


25 лютага, у шосты дзень супраціву, каля 50 чалавек стала знаходзяцца ў намётавым мястэчку абаронцаў Курапат.

Цэлы дзень тут знаходзяцца старшыні Партыі БНФ і Моладзі БНФ Аляксей Янукевіч і Юрась Лукашэвіч, а таксама лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. Падтрымаць абаронцаў прыходзілі старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сябра руху «За свабоду» Віктар Янчурэвіч.

Сярод актыўных абаронцаў намётавага гарадку — актывісты Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай, Вольга Мікалайчык, Ганна Шапуцька, Наста Дашкевіч, Уладзь Яроменак, Арцём Леўчанкаў.

Субота праходзіць спакойна, будоўля не аднавілася, хаця каля мястэчка пастаянна дзяжурыць легкавік з двума супрацоўнікамі ў цывільным, якія пэрыядычна здымаюць тое, што адбываецца навокал.

Вось што сказаў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч

«Я пазытыўна ўражаны тым, што дзясяткі людзей пастаянна знаходзяцца ў намётавым мястэчку, а сотні спрычыняюцца — прыносяць ежу, рэчы, падтрымліваюць інфармацыйна. Абарона Курапатаў і пратэст супраць гэтай будоўлі трымаецца ня толькі на тых, хто тут можа легчы пад колы, а на ўсіх. На СМІ, якія сочаць і не дазваляюць тварыцца беззаконьню, на тых, хто сваёй прысутнасьцю маральна нас падтрымліваюць. Я вельмі рады, што так шмат людзей».

У пятніцу ўвечары каля намётавага гарадка паставілі крыж. Сёньня крыжоў стала ўжо чатыры. Дашкевіч кажа, што гэта — маральная абарона ад тэхнікі і будаўнікоў, якія, як мяркуецца, адновяць будоўлю ў панядзелак а 8 гадзіне раніцы.

«Патрыёты прынесьлі крыжы, усталявалі іх тут. Гэта былі вернікі, якія нас падтрымліваюць. Мы спадзяемся, што гэтыя крыжы маральна перашкодзяць будаўнікам».



Таксама актывісты паставілі вялікі вайсковы намёт. Усталёўваць яго дапамог Уладзімер Някляеў. Як сказаў Дашкевіч, у намёце будзе арганізавана ацяпленьне і некалькі чалавек зможа там спаць ноччу.



Павал Севярынец падчас сходу аб’явіў, што заўтра а 11-й будзе наладжаная экскурсія ў Курапаты для ўсіх зацікаўленых, якую будзе весьці экспэрт па Курапатах Валерыя Чарнаморцава. Ён заклікаў 1 сакавіка ісьці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца.

***

Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG