Жонка старшага інспэктара столінскага РАУС Вадзіма Прылуцкага Ірына патрабавала спагнаньня 1000 рублёў маральнай шкоды за цялесныя пашкоджаньні, якія нібыта нанёс яе сыну Ўладзіслаў Палхоўскі. Учора судзьдзя пасьля чарговага пасяджэньня вырашыў у задавальненьні позвы Ірыне Прылуцкай адмовіць.
Маці Ўладзіслава Сьвятлана Палхоўская сама выхоўвае сына. У судзе жанчына баранілася таксама безь ніякай дапамогі. Справа, празь якую яна апынулася са сваім сынам у судзе, цягнецца яшчэ зь мінулага году:
«Майго сына абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта штурхнуў суседскага хлопчыка з плоту. Ірына Прылуцкая лічыць, што ён тым самым нанёс пашкоджаньні яе сыну, і жадала маральнай кампэнсацыі. Але насамрэч справа зусім іначай выглядае. Сын міліцыянта разам з маім сынам ды іншымі дзецьмі палез праз плот па яблыкі і абдзёр сабе руку. Але свайму бацьку, старшаму інспэктару аховы правапарадку і прафіляктыкі Столінскага РАУС Вадзіму Прылуцкаму, ён сказаў, што яго зачапіў мой сын Уладзіслаў. У адказ на гэта міліцыянт выйшаў з дому, паклікаў майго сына і моцна ўдарыў яго, прычым зьбіваньне адбывалася на вачах у іншых дзяцей. Гэты інцыдэнт адбыўся яшчэ мінулым летам».
Калі Ўладзіслаў распавёў маці пра гэта, Сьвятлана Палхоўская зьвярнулася ў мясцовы РАУС і напісала заяву на дзеяньні міліцыянта. Пры гэтым, паводле родных Сьвятланы Палхоўскай, міліцыянт не адмаўляўся спачатку ад свайго ўчынку, сьведчыў, што раптам страціў над сабою кантроль і зьбіў дзіця. Але ўжо літаральна на наступны дзень ён адмовіўся ад сваіх слоў, а ягоная жонка падала ў суд на Ўладзіслава Палхоўскага.
Столінскі суд адразу ж прыняў да разгляду пазоў жонкі міліцыянта. У той жа час праваахоўнікі так і не завялі на патрабаваньне Сьвятланы Палхоўскай справы ў дачыненьні да міліцыянта за зьбіцьцё непаўналетняга. Сьледчыя да гэтага часу праводзяць праверку, справа знаходзіцца на кантролі ў Берасьці. Сьвятлана Палхоўская кажа, што выглядае, нібыта сьледчыя хочуць спыніць гэтую справу:
«Пасьля таго, як я напісала скаргу на зьбіцьцё майго сына міліцыянтам, сьледчыя дзеяньні практычна не вяліся. У правядзеньні дадатковых экспэртызаў адмаўляюць. Але майго дзевяцігадовага сына дапытваў інспэктар у справах непаўналетніх. Прычым допыт праводзіўся, я лічу, з парушэньнем правоў дзіцяці і заканадаўства: размова з маім сынам вялася пры адсутнасьці як бацькоў, так і сацыяльнага пэдагога. Пасьля гэтага Ўладзіслава паставілі нават на ўлік пры інспэкцыі па справах непаўналетніх».
Сьвятлана Палхоўская мае намер давесьці справу да канца і пакараць міліцыянта.
У сваю чаргу сям’я міліцыянта катэгарычна адмаўляецца ад камэнтароў. Таксама справу не жадаюць камэнтаваць і ў мясцовым РАУС.
Сьледчы камітэт у Берасьці вядзе праверку заявы. Пакуль не завершыцца аналіз, сьледчыя ня хочуць даваць камэнтары.