Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў будуць судзіцца


Віталь Амяльковіч
Віталь Амяльковіч

Слуцкі раённы Савет дэпутатаў рыхтуецца да новага сходу, прысьвечанага перайменаваньню вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Сябра партыі БНФ і актывіст руху «За свабоду» Віталь Амяльковіч падаў у суд Слуцкага раёну скаргу на рашэньне і дзеяньні Слуцкага раённага выканаўчага камітэту ў праблеме перайменаваньня вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Актывіст лічыць, што 24 лістапада 2016 году пры арганізацыі сходу жыхароў вуліцы Камсамольскай кіраўніцтва райвыканкаму парушыла парадак правядзеньня сходаў і ўшчаміла правы і законныя інтарэсы грамадзян.

2 лістапада 2016 году Віталь Амяльковіч і актывістка ініцыятывы «Утульны край» Зінаіда Цімошак перадалі ў райвыканкам 550 подпісаў грамадзян за перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў дзеля ўшанаваньня памяці слуцкіх змагароў за незалежнасьць. Нягледзячы на адказ з райвыканкаму пра тое, што перайменаваньне вуліц знаходзіцца ў кампэтэнцыі Слуцкага раённага Савету дэпутатаў, Слуцкі раённы выканкам правёў сход грамадзян, падчас якога жыхары нібыта выказаліся супраць перайменаваньня вуліцы.

Віталь Амяльковіч не пагадзіўся з такім рашэньнем сходу, паколькі лічыць, што сход грамадзян быў праведзены з парушэньнем Закону Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» .

— Згодна з артыкулам 20 закону вызначана, што мясцовы сход адкрывае і вядзе ягоны старшыня, вызначаны ініцыятарам сходу і адказны за яго падрыхтоўку і правядзеньне. Згодна з пратаколам, сход праводзіла Дабравольская Ларыса, намеснік старшыні райвыканкаму. Відавочна, што ў гэтым выпадку менавіта Слуцкі райвыканкам адказвае за правядзеньне гэтага сходу, — расказаў Віталь Амяльковіч. — Гэты ж самы артыкул вызначае, што перад адкрыцьцём мясцовага сходу адбываецца абавязковая рэгістрацыя прысутных грамадзян, якія жадаюць удзельнічаць у сходзе, з пазначэньнем прозьвішча, месца жыхарства, нумару пашпарта і г.д. Сам жа сход правамоцны толькі ў тым выпадку, калі на ім прысутнічаюць ня менш за 25 адсоткаў жыхароў вуліцы, а таксама грамадзян, якія маюць на ёй афіцыйна замацаваную маёмасьць.

Пратакол сходу такой інфармацыі не зьмяшчае, таму невядома, ці былі прысутныя 62 удзельнікі жыхарамі гэтай вуліцы і ці не зьяўляюцца яны супрацоўнікамі Слуцкага райвыканкаму. Дарэчы, пры афармленьні пратаколу і яго падпісаньні было дапушчана шмат іншых грубых памылак, якія ставяць пад сумненьне легітымнасьць рашэньня аб адказе ў перайменаваньні вуліцы.

Актывіст лічыць, што падчас правядзеньня сходу быў груба парушаны артыкул 17 закону, які гаворыць пра неабходнасьць разьмяшчэньня інфармацыі аб сходзе ў СМІ альбо іншымі спосабамі з абавязковым пазначэньнем месца, даты і часу, з пастаноўкай пытаньняў для абмеркаваньня і кантактных зьвестак адказных асобаў. Да таго ж інфармацыя павінна была зьявіцца яшчэ за 7 дзён да сходу.

— Ніякай інфармацыі ў СМІ не было, як і няма пацьвярджальнай інфармацыі пра тое, што былі абʼявы на інфармацыйных стэндах жылых дамоў. Сход жыхароў, калі ён і меў месца, прайшоў у атмасфэры глыбокага падпольля, — гаворыць Амяльковіч.

Ён просіць суд Слуцкага раёну адмяніць рашэньні неналежным чынам арганізаванага і праведзенага з парушэньнямі заканадаўства мясцовага сходу грамадзян і запатрабаваць ад Слуцкага райвыканкаму новага сходу жыхароў вуліцы Камсамольскай у пытаньні перайменаваньня яе ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Тым часам старшыня Слуцкага раённага Савету дэпутатаў Віктар Ражанец заклапочаны правядзеньнем яшчэ аднаго сходу дзеля абмеркаваньня пытаньня вуліцы Слуцкіх паўстанцаў — на гэты раз у сувязі з новым паступленьнем звыш 641 подпісу грамадзян у электронным выглядзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG