Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі адміністрацыі Лукашэнкі прымуць «дармаедаў» 16 лютага. Засталося пяць дзён для аплаты


Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне аргкамітэту правядзеньня Маршу недармаедаў. Менск, 23 студзеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне аргкамітэту правядзеньня Маршу недармаедаў. Менск, 23 студзеня 2017 году

Кіраўніца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальля Качанава правядзе 16 лютага зь 10-й па 17-ю гадзіну прыём грамадзян у пытаньні дэкрэту аб «дармаедах» у Жодзінскім райвыканкаме.

Таксама сустрэчы чыноўнікаў з грамадзянамі пройдуць 16 і 17 лютага ў іншых гарадах — усё робіцца «з улікам росту колькасьці зваротаў грамадзян наконт рэалізацыі нормаў дэкрэту № 3». Чыноўнікі адміністрацыі Лукашэнкі сустрэнуцца з грамадзянамі ў Менску, Бабруйску, Барысаве, Берасьці, Ваўкавыску, Віцебску, Іўі, Лідзе, Магілёве, Маладзечне, Рагачове і Салігорску. Адна з сустрэч пройдзе ў Адміністрацыі Лукашэнкі ў Менску.

У Гомелі і Буда-Кашалёве сустрэчы пройдуць адпаведна 23 і 24 лютага — калі тэрмін сплаты «падатку на дармаедаў» ужо скончыцца. Выплаціць збор грамадзяне мусяць да 20 лютага.

Поўны расклад сустрэч перадае БелТА.

Хоць падаткавікі Беларусі накіравалі 470 тысяч апавяшчэньняў аб неабходнасьці сплаціць збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў, толькі 46 тысяч «дармаедаў» (менш за 10%) заплацілі грошы на канец мінулага тыдня. У бюджэт паступіла пакуль толькі 14 млн беларускіх рублёў.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая раней атрымала адказ ад намесьніка старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валерыя Міцкевіча пра мэтазгоднасьць «падатку на дармаедаў». Той пісаў, скасоўваць збор няма падстаў, а што ён не прынёс шмат грошай, то і быў разьлічаны ня столькі на папаўненьне бюджэту, колькі на «скарачэньне ценявой эканомікі», «уцягненьне насельніцтва ў дазволеныя заканадаўствам віды дзейнасьці» і «вяртаньне да стваральнага жыцьця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця».

У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дэкрэтам пра «дармаедаў» абурылася невялікая частка беларусаў: «літаральна некалькі тысяч, але вельмі актыўных». Але пад пастом у сацсетцы «Одноклассники», дзе прапаноўвалася «ставіць „кляс“, калі абураны дэкрэтам пра дармаедаў», ужо больш за 180 тысяч «лайкаў».

Беларусы абураюцца ня толькі ў сацсетках: на 17 і 19 лютага, а таксама 15 сакавіка ў розных гарадах плянуюцца «маршы дармаедаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG