Былы дэсантнік, мянчук Сяргей Ланавенка разам з 6 паплечнікамі выйшаў на пікет у падтрымку Расеі, які адбыўся 4 лютага на плошчы Незалежнасьці. Тады ў якасьці арганізатара акцыі выступіў рух НОД.
Празь некалькі дзён зьявілася інфармацыя, што ўдзельнікаў пікету пакаралі штрафам памерам 30 базавых велічыняў. Аднак сам Ланавенка абвяргае гэтыя зьвесткі. Ён расказаў, што ў канцы мінулага тыдня зь ім сапраўды гутарыў міліцыянт з Маскоўскага РАУС, але ні суду, ні пакараньня не было.
— Мы проста сустрэліся ў горадзе, міліцыянт узяў мае паказаньні, запісаў, як усё было, і разышліся. Пра 30 базавых я даведаўся з апазыцыйных сайтаў! Мне не паведамілі, ці будзе ўвогуле суд і колькі трэба заплаціць штрафу. Проста нэўтральная гутарка адбылася, — кажа Ланавенка.
На пытаньне, ці зьбіраюцца актывісты зладзіць падобную акцыю ў найбліжэйшай будучыні, Сяргей адказвае:
Чарговы пікет будзе ў любым выпадку
— Чарговы пікет будзе ў любым выпадку, бо трэба працаваць з Расеяй, з Данбасам... Але наступным разам мы возьмем дазвол ва ўладаў. Ведаеце, ёсьць адрозьненьне паміж законам і справядлівасьцю...
Актывіст сьцьвярджае, што ня ведаў астатніх пікетоўцаў у рэальным жыцьці — яны «проста перапісваліся ў інтэрнэце».
— А пасьля дамовіліся выйсьці на вуліцу. Я за ўласныя грошы замовіў у гандлёвым цэнтры «Сталіца» той расейскі сьцяжок, за паўтары гадзіны яго вырабілі. Да руху НОД стала належыць толькі Рыжанкоў, я ня маю дачыненьня да НОДу. І я не разумею, чаму нацыяналістам можна маршыраваць па вуліцах, а мне нельга выказаць сваю пазыцыю? — пытаецца Ланавенка.
Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, удзельнікі прарасейскага пікету, які адбыўся 4 лютага, будуць прыцягнутыя да адказнасьці паводле артыкулу 23.34 КоАП (парушэньне вызначанага парадку правядзеньня мітынгу). Па словах прэсавага сакратара Аляксандра Ластоўскага, асобы пікетоўцаў вызначаныя, як мінімум у дачыненьні дваіх зь іх складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Тым часам памочнік старшыні Маскоўскага суду Менску паведаміў карэспандэнту Свабоды, што адміністрацыйныя справы на грамадзянаў Ланавенку, Ляонава, Галавіна і Рыжанкова ім у суд зь міліцыі не траплялі.