Індэкс спажывецкіх цэнаў у Беларусі склаў у студзені 2017 году да сьнежня 2016-га 100,9%, паведамляе Белстат. Харчовыя тавары падаражэлі за месяц на 1,2%, нехарчовыя — на 0,8%, паслугі — на 0,3%. Адносна студзеня мінулага году цэны падвысіліся на 9,5%.
Свабода сочыць за ростам цэнаў на прыкладзе 10 прадуктаў і паслугаў: хлеба, мяса, бульбы, малака... «Кошык Свабоды» за студзень падаражэў на 1,53%, найбольшы рост даў квіток у кіно, а яйкі нават патаньнелі.
За ўвесь 2016 год інфляцыя склала 11,8%. Гэта амаль супала з аптымістычнымі прагнозамі ўраду, інфляцыя аказался меншая за прагнозы МВФ. Але ў Беларусі ў 2016 годзе інфляцыя аказалася толькі крыху меншая, чым ва Ўкраіне.
На 2017 год Аляксандар Лукашэнка заплянаваў інфляцыю роўнай 9% (гэта ў сярэднім 0,75% на месяц).
Нядаўна Лукашэнка заявіў, што ня варта разьлічваць на маштабную эмісію грошай (што магло б выклікаць значна большую інфляцыю), хоць былы старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч у лісьце да Лукашэнкі прапанаваў правесьці «ўмераную эмісію».
На думку эканаміста Яраслава Раманчука, ня выключана, што Лукашэнка, выказаўшыся супраць «маштабнай эмісіі», не адмовіўся ад запуску «друкарскага станка» ўвогуле, а пагадзіўся на эмісію, толькі «ўмераную».