Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні не дазволілі «Марш недармаедаў»


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў супраць дэкрэту пра дармаедаў у Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў супраць дэкрэту пра дармаедаў у Горадні

У адмове, атрыманай актывістамі з Гарадзенскага гарвыканкаму, гаворыцца, што, згодна з рашэньнем выканкаму яшчэ ад 2011 году «Аб вызначэньні месцаў масавых мерапрыемстваў у Горадні», на плошчы Савецкай — вуліцы Савецкай — плошчы Леніна правядзеньне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца.

Сябры прафсаюзу РЭП і Аб’яднанай грамадзянскай партыі аднак невыпадкова падавалі заяўку на правядзеньне акцыі менавіта ў цэнтры гораду. Актывіст прафсаюзу РЭП Васіль Корабаў кажа, што хваля абурэньняў супраць дэкрэту № 3 паднялася па ўсёй краіне і закранула вялікую колькасьць грамадзян Беларусі.

Васіль Корабаў
Васіль Корабаў

Больш за тое, паводле Корабава, спэцыялісты лічаць дэкрэт антыканстытуцыйным, а таму значнасьць пратэсту супраць гэтага дакумэнту ў грамадзтве набірае яшчэ большую вагу.

— Мы адразу думалі, што мясцовыя ўлады прыслухаюцца да голасу народу, паколькі бачаць, як актыўна зьбіраюцца подпісы супраць гэтага дэкрэту, прычым шмат подпісаў ужо накіравана з усяе краіны ў органы ўлады. Але, як высьвятляецца, ніхто пра людзей думаць ня хоча. У мяне такое ўражаньне, што нейкі адзін чыноўнік узяў ліст паперы і проста напісаў нам адказ без усякага разгляду праблемы. Нас жа, заяўнікаў, нават не выклікалі ў выканкам, не задалі ніякіх пытаньняў, не пацікавіліся, і мы самі ня мелі магчымасьці патлумачыць сваю пазыцыю. Вось такое ў нас стаўленьне да людзей.

Заяўку на правядзеньне «Маршу недармаедаў» сябры прафсаюзу РЭП і АГП падавалі на 19 лютага ў цэнтры Горадні. Імі ў горадзе і вобласьці сабрана ўжо некалькі тысяч подпісаў за адмену дэкрэту № 3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG