Адной зь першых, хто скарыстаўся новай магчымасьцю, стала грамадзянка Кітаю Лі Ен, якая прыбыла ў Менск рэйсам з Абу-Дабі. Кітаянку са словамі «Сардэчна запрашаем у Беларусь!» і букетам ружаў у аэрапорце сустрэлі намесьнік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной і начальнік упраўленьня памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту Алег Ляшук.
Лі Ен, якая працуе авіядыспэтчарам, паведаміла журналістам, што ўпершыню наведвае Беларусь. Пра магчымасьць прыехаць у краіну бязь візы даведалася ад калегаў. Кітаянка рада, што такая магчымасьць зьявілася, і плянуе наведаць некалькі музэяў.
Міхаіл Партной, камэнтуючы пачатак дзеяньня пяцідзённага бязьвізавага рэжыму, заявіў журналістам: «Гэта прарыўны крок і жэст добрай волі. Цяпер наша краіна адкрытая».
Паводле яго, першыя два-тры месяцы ўлады Беларусі не чакаюць колькіразовага павелічэньня турыстаў, але ў наступным і асабліва ў 2018 годзе гэты паток можа вырасьці на 15-20%. У першую чаргу ў Беларусі чакаюць прыезду турыстаў з краінаў ЭЗ, а таксама з тых, дзе «моцная беларуская дыяспара».
З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 дзяржаваў, якія прыбываюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт Менск. Адпаведны ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня. Яго дзеяньне распаўсюджваецца на 39 краінаў Эўропы, уключаючы ўвесь ЭЗ, а таксама Бразылію, Інданэзію, ЗША, Японію і шэраг іншых. «Гэта спрыяльныя ў міграцыйным пляне краіны, стратэгічныя партнэры Беларусі і дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязьвізавы рэжым у дачыненьні да беларускіх грамадзянаў», — адзначалася ў афіцыйным камэнтары да ўказу. Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзянаў Латвіі і асобаў без грамадзянства Эстоніі.
Прыняцьце ўказу выклікала неадназначную рэакцыю ў Расеі. У Крамлі гэтае новаўвядзеньне назвалі ўнутранай справай Беларусі, але ў расейскіх мас-мэдыя яно выклікала шырокі рэзананс. На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкасьці і СМІ 3 лютага Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў гэтую «інфармацыйную кампанію». «Выцьцё і крыкі з боку некаторых сумежных дзяржаваў — гэта проста спроба выказаць незадавальненьне з боку пэўных сілаў, — сказаў ён. — Мы тут нічога не парушылі з гледзішча нашага ўнутранага заканадаўства. Гэта наша сувэрэннае права. Усё, пра што мы дамаўляліся, мы сьвята выконваем».
Лукашэнка адзначыў, што ўказ распрацоўваўся паўтара года і ўзгадняўся з усімі суседнімі дзяржавамі, у тым ліку з Расеяй. «Калі Расея занепакоілася, то я заўсёды кажу: дай бог вам несьці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх памежных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
1 лютага стала вядома, што Расія ўсталёўвае памежныя зоны на мяжы зь Беларусьсю. Памежным упраўленьням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласьцях РФ загадана вызначыць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асобаў у памежную зону, а таксама ўсталяваць на ўездах у памежную зону папераджальныя знакі. Пры гэтым у памежнай службе ФСБ падкрэсьлілі, што новаўвядзеньне тычыцца толькі грамадзянаў трэціх краін, якія едуць у Расею празь Беларусь, беларускіх грамадзян яно не закране.
Многія аналітыкі расцанілі ўсталяваньне памежных зонаў на мяжы зь Беларусьсю як адказ Расеі на ўвядзеньне Менскам пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для іншаземцаў.
У нацыянальным аэрапорце Менск 12 лютага адбылася цырымонія сустрэчы першых замежных турыстаў, якія прыбылі ў Беларусь з уваходжаньнем у сілу пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаваў.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1