«Тыя праверкі, якія на сёньня праводзяцца ў адпаведнасьці з каардынацыйным плянам, будуць апэратыўна завершаны. Пры гэтым МНС гатовае аказаць кансультацыйную падтрымку кіраўнікам аб’ектаў», — адзначылі ў міністэрстве.
Акрамя таго, у МНС паведамілі, што працягваецца праца над кардынальным скарачэньнем тэхнічных ды іншых нормаў, а таксама ўдасканаленьня нагляднай дзейнасьці і спрашчэньня сыстэмы ліцэнзаваньня.
Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін станоўчы ацэньвае рашэньне МНС Беларусі.
«Шчыра кажучы, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў ніколі не было самой вялікай праблемай для малога і сярэдняга бізнэсу. Увогуле гэта ня самая кепская структура. Хоць пэўныя недарэчнасьці ад іх былі. Для тых, напрыклад, хто гандляваў, хто займаўся грамадзкім харчаваньнем, праверкі МНС былі досыць вялікай праблемай. У будаўнікоў былі пэўныя цяжкасьці. А вось для тых, хто займаўся аптовым гандлем, юрыдычнымі ці кансалтынгавымі паслугамі гэта ўвогуле не было праблемай.
Тое, што яны спыняюць праверкі, што будуць менш хадзіць па гандлёвых пунктах, аб’ектах харчаваньня — гэта добра. Вядома, трэба паглядзець, як гэта будзе выглядаць на самой справе, бо паабяцаць можна ўсё што заўгодна. Але ў цэлым ацэньваю гэтае рашэньне, безумоўна, станоўча», — адзначыў Балыкін.
Пра гатоўнасьць скараціць праверкі і кантрольныя нарматывы, адначасова павялічыўшы адказнасьць бізнэс-кіраўнікоў, Аляксандар Лукашэнка заявіў 3 лютага падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».
«Усе крытыкуюць — маўляў, немагчыма працаваць прыватнікам. Задушылі, задушылі, ходзяць, правяраюць. А дзе не правяраюць?.. Ня ведаю... можа, лішні раз прыходзяць? Можа, занадта часта мы бываем у прадпрымальнікаў? Я ня ведаю. Можа, і так», — разважаў Лукашэнка.