Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімер Някляеў пры ўдзеле WZ-Orkiestra дадуць супольны канцэрт у Польскім доме ў Вільні з праграмай «Нашы каханыя» 4 сакавіка. Канцэрт прымеркаваны да 10-годзьдзя супрацоўніцтва Вайцюшкевіча і Някляева, якое пачалося з альбому «Танга з ружай», выдадзенага ў канцы 2006 году, і працягваецца дагэтуль.
Як паведамляюць арганізатары, тэрмін падачы дакумэнтаў на бясплатныя візы падоўжаны да 23 лютага ўключна. Падаць дакумэнты можна ў амбасадзе Літвы ў Менску, а таксама ў візавых цэнтрах у Менску, Баранавічах, Берасьці, Гомелі, Горадні, Лідзе, Магілёве і Пінску (празь візавыя цэнтры падача платная — 20 эўра).
Вайцюшкевіч кажа Свабодзе, што на канцэрт прададзеныя амаль усе квіткі: тыя, што прадаваліся праз інтэрнэт, скончыліся, засталіся толькі ў «Тэатральнай касе» ў Менску на вуліцы Калініна, 5. Заля разьлічаная прыблізна на 450 месцаў, засталося вольных каля 60.
Сьпявак зьбіраецца выконваць на канцэрце толькі песьні на вершы Някляева і запэўнівае, што такіх у яго шмат. У ліку іх і самая папулярная (паводле Last.fm) песьня Вайцюшкевіча «Сьцяг».
Вайцюшкевіч спрабаваў даць вялікія канцэрты і ў Менску: выступ у канцэртнай залі «Атлянт» быў заплянаваны на 8 студзеня ды быў скасаваны празь «непераадольныя перашкоды» пасьля пачатку продажу квіткоў. Годам раней выступ Вайцюшкевіча ў Менску забаранялі праз «парнаграфічны і экстрэмісцкі характар» тэкстаў песень, ды не растлумачылі, чые вершы былі экстрэмісцкімі — Барадуліна ці Маякоўскага. Але ў сьпевака атрымалася выступіць у менскім бары Beer&Wine 8 і 22 студзеня.
Іншыя музыкі з «чорных сьпісаў» час ад часу атрымліваюць дазволы на канцэрты ў Беларусі, кіраўнік парталу Tuzin.fm і арганізатар шматлікіх канцэртаў Сяргей Будкін сьцьвярджае, што ён у дазволах і забаронах тых ці іншых выканаўцаў не знаходзіць пасьлядоўнай лёгікі і не атрымлівае пераканаўчых тлумачэньняў ад дзяржаўных органаў.
Нядаўна ў межах рэп-праекту Belaroots Вайцюшкевіч пераасэнсаваў свой гіт «Я нарадзіўся тут», у новай вэрсіі песьні ён выказаў абыякавасьць да «чорных сьпісаў» і абяцаў запрашаць на канцэрты ў свой «домік ля Нёмана ў лесе».