Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына не выключае канстытуцыйнага рэфэрэндуму адначасова зь мясцовымі выбарамі


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына сёньня сказала Свабодзе, што не выключае правядзеньня рэфэрэндуму пра зьмены ў Канстытуцыі адначасова зь мясцовымі выбарамі, заплянаванымі на люты 2018 году.

«Усе ранейшыя рэфэрэндумы ў нашай краіне сумяшчаліся з выбарамі. Найбліжэйшыя выбары — мясцовыя. У кастрычніку мінулага году кіраўнік дзяржавы заявіў Нацыянальнаму сходу, што настаў час правесьці аналіз Канстытуцыі. Тады ён казаў, што сьвет імкліва зьмяняецца, і таму мы павінны своечасова рэагаваць, каб не адстаць. І калі адважымся, то пачынаць трэба з Асноўнага закону краіны. Таму сёньня я ацэньваю шанцы правядзеньня рэфэрэндуму праз год на мясцовых выбарах як 50 на 50.

Калі яго будуць праводзіць, то дакладна падчас мясцовых выбараў. Калі не — значыць, не. Пакуль скажу так: я ня ведаю, ці будзе заказ на плебісцыт? А заказчыкаў можа быць толькі двое: альбо ня меней за 450 тысяч грамадзян Беларусі, альбо кіраўнік краіны.

Магчыма, дадатковая інфармацыя пра гэта зьявіцца на вялікай нарадзе пра выбарчыя пытаньні ў кіраўніка дзяржавы. Афіцыйна дакладнай даты яе правядзеньня яшчэ няма. Адзін з варыянтаў — у канцы наступнага тыдня. Я якраз вярнуся з Туркмэністану, дзе буду ў складзе місіі СНД назіраць за выбарамі прэзыдэнта гэтай краіны», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК кажа, што ў яе ёсьць асабістыя прапановы пра зьмены той часткі Канстытуцыі, якая тычыцца выбараў:

«Я бы выключыла з Асноўнага закону інстытут адкліканьня дэпутатаў. Ну навошта нам норма, якая ні разу ня дзейнічала?! І якая, на маю думку, ніколі ня будзе ўжывацца. А яна ж як гіра на нагах тармозіць ўсю выбарчую сыстэму, празь яе няма магчымасьці зьмяніць мажарытарную выбарчую сыстэму на іншую, скажам, зьмяшаную альбо партыйную. Скасавала я б і права на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты працоўнымі калектывамі. Тут я, як бачыце, салідарная з апазыцыяй. Не патрэбны і такі анахранізм, як сельскія і пасялковыя саветы дэпутатаў. На мясцовых выбарах трэба выбіраць не дэпутатаў, а кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў», — лічыць Лідзія Ярмошына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG