Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыю польскіх дэпутатаў у Беларусь узначаліць скандальна вядомы праварадыкал


Адам Андрушкевіч. Гэты здымак на фоне дома ў вёсцы Буды, які належыць мясцоваму беларусу, выклікаў скандал.
Адам Андрушкевіч. Гэты здымак на фоне дома ў вёсцы Буды, які належыць мясцоваму беларусу, выклікаў скандал.

Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы плянуе наведаць Беларусь, паведамляе сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У склад дэлегацыі ўвойдуць чальцы польска-беларускай парлямэнцкай групы сэйму на чале зь яе сустаршынём Адамам Андрушкевічам. Гэтая двухбаковая група ў польскім сэйме ўзьнікла летась. У яе склад увайшлі прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў парлямэнту Польшчу.

27-гадовы Андрушкевіч у Сэйм быў абраны ад выбарчага камітэту Kukizʼ15. Да гэтага Андрушкевіч быў віцэ-старшынём нацыяналістычнай арганізацыі «Усяпольская моладзь» (Młodzież Wszechpolska) і сябрам скрайне правага «Нацыянальнага Руху» (Ruch Narodowy).

У сакавіку мінулага году Адам Андрушкевіч прыняў удзел у Гайнаўскім маршы ў гонар пасьляваеннага антыкамуністычага падпольля. Адным зь герояў акцыі быў Рамуальд Райс «Буры», камандзір атраду на Беласточчыне, адказны за спаленьне беларускіх вёсак і іх жыхароў на Падляшшы.

Пасьля вяртаньня з маршу Андрушкевіч сфатаграфаваўся на фоне дома ў вёсцы Буды, які належыць мясцоваму беларусу Сяргею Нічыпаруку. Яго сямʼя, у прыватнасьці трое братоў, сталі пасьля вайны ахвярамі атраду Бурага і ягоных жаўнераў. Здымак дэпутата выклікаў скандал у Польшчы. Паводле Інстытуту Нацыянальнай Памяці краіны, злачынствы атраду Рамуальда Райса «Бурага» мелі прыкметы генацыду.

У польскім Сэйме таксама працуе парлямэнцкая група па справах Беларусі, якая шмат гадоў адказвала за кантакты зь беларускай дэмакратычнай супольнасьцю. Яе старшыня, дэпутат лібэральнай партыі «Грамадзянская Плятформа» Робэрт Тышкевіч, адмовіўся ад камэнтару, дадаўшы, што ня ведае дэталяў візыту.

Першапачаткова візыт быў заплянаваны на 15-17 лютага. Але паводле старшыні беларуска-польскай групы пры Палаце прадстаўнікоў Андрэя Навумовіча, па просьбе польскага боку візыт перанесены на красавік.

Гэта ўжо трэці візыт польскіх парлямэнтарыяў у Беларусь за апошні час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG