Мы распыталі былога кандыдата на прэзыдэнта, эканаміста Яраслава Раманчука пра тое, як яго запрасілі на прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, чаму кіраўнік Беларусі трымаў яго ў цэнтры ўвагі, а таксама пра іншыя, у тым ліку і фізіялягічныя, акалічнасьці гэтага мерапрыемства.
— Як вас запрасілі на прэсавую канфэрэнцыю?
— Патэлефанавалі ў чацьвер пасьля абеду. Чалавек прадставіўся, сказаў, што ён з Адміністрацыі прэзыдэнта (нават ня памятаю хто), сказаў, што мяне запрашаюць на прэсавую канфэрэнцыю. Я пагадзіўся.
— З чым вы зьвязваеце, што Аляксандар Лукашэнка так часта да вас зьвяртаўся падчас прэсавай канфэрэнцыі? Ці было гэта для вас нечакана і што вы адчувалі пры гэтым?
Для Лукашэнкі павінен быў быць нехта, хто ўвасабляе лібэралізм і рынкавую эканоміку, а не нейкую форму лябізму.
— Гэта была вялікая нечаканасьць. Я, безумоўна, нарыхтаваў шмат пытаньняў, таму што рэгулярна сачу за тым, што робіць урад і Аляксандар Лукашэнка, якія законы прымаюцца. Думаю, што некалькі чыньнікаў сышлося. Найперш для Аляксандра Лукашэнкі павінен быў быць нехта, хто ўвасабляе лібэралізм і рынкавую эканоміку, а не нейкую форму лябізму. Менавіта для гэтай ролі я быў прыдатны, Па-другое, ён спрачаўся з расейскім бокам, і трэба было паслаць сыгнал, што калі вы ня будзеце даваць грошы, то я вымушаны буду рабіць рынкавыя рэформы, якія могуць прывесьці Беларусь бліжэй да Захаду. Па-трэцяе, гэта быў бізун для вэртыкалі, для ўраду, таму што ён заваліў усе паказьнікі. Людзі незадаволеныя, заробкаў няма, канкурэнтназдольнасьці няма. Таму, маўляў, калі вы будзеце дрэннымі, мы возьмем іншых людзей, і гэта таксама прагучала. Так ужо адбылося, што я быў выбраны для Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці такой цэлі, куды ён зьвяртаўся, прычым як да свайго дарадцы, а не як да чалавека, які яго прынцыпова і пасьлядоўна крытыкуе.
— Ці можа за гэтым зьявіцца запрашэньне ўзяць удзел у нейкай экспэртнай радзе, ці стаць дарадцам, ці ўвайсьці ў нейкую ўладную структуру, каб вашыя парады былі пачутыя і рэалізаваныя?
— Мае парады і так чуюць. На жаль, іх проста ставяць з ног на галаву. Вельмі часта Аляксандар Лукашэнка сам не разумее, якія прапановы я і мае сябры рыхтуем. Ведаю, што працуе рабочая група пры Лукашэнку дзеля паляпшэньня дзелавога клімату, ёсьць там таксама рада прадпрымальніцтва, але той фармат, які быў выбраны да гэтага, безумоўна, фармальны. Калі будзе запрашэньне, я буду разглядаць яго. Я ўжо ўдзельнічаў у адной дзяржаўнай ініцыятыве, краінавым маркетынгу. Я сур’ёзна ўспрыняў гэтую прапанову і прадыктаваў стратэгію краінавага маркетынгу, а людзі, якія ўзначальваюць гэтую групу, сказалі, што нам гэта не патрэбна. Трэба было галачку паставіць. Для галачкі, безумоўна, я працаваць і супрацоўнічаць ня буду, а калі гаворка ідзе пра рэальныя структурныя рынкавыя рэформы, паляпшэньне дзелавога клімату, павелічэньне канкурэнтаздольнасьці нашай краіны, а гэта ўплывае, безумоўна, на сувэрэнітэт і незалежнасьць, то гэта, як кажуць, ужо будзе не для Лукашэнкі, а для Рэспублікі Беларусь.
— Вы сочыце за выступленьнямі Аляксандра Лукашэнкі. Ці было на гэтай прэсавай канфэрэнцыі нешта кардынальна прынцыпова новае, што адрозьнівала бы яе ад папярэдніх? Ці быў там нейкі пасыл, мэсыдж, на які варта зьвярнуць увагу, з вашага пункту гледжаньня?
— З самага пачатку ён казаў, што павінен быць дыялёг. Нават год таму не было дзяленьня апазыцыі — на патрыётаў, якія маюць іншы пункт гледжаньня (як я, напрыклад), і на пятую калёну. Ён зрабіў такі рэльефны падзел. Была нейкая гатоўнасьць прызнаць свае хібы, калі людзі захочуць. Ён падкрэсьліў, што гэта ня ён ня хоча, але калі, напрыклад, хочаце нацыянальны ўнівэрсытэт, то пераконвайце людзей. Калі хацелі зрабіць рынкавыя рэформы, ізноў пераконвайце людзей і бізнэс. Ён казаў, што калі будзе супольная пазыцыя наконт рэформаў, наконт розных інвэстыцый, то ён як палітык да яе дастасуецца. Але ён ініцыятыву браць на сябе відавочна ня хоча, так што справа ў тым, каб зноў мабілізаваць людзей, каб яны рашуча больш выказвалі свой пункт гледжаньня. І я думаю, што тая пасьлядоўная лібэральная пазыцыя, якой я зьяўляюся распрацоўнікам у Беларусі, таксама зьяўляецца адзінай рэльефнай альтэрнатывай для апазыцыі Аляксандру Лукашэнку.
— Непапулярныя дэкрэты пра дармаедаў, пра падатак на грыбы і ягады... З вашага гледзішча, якая рэакцыя ўлады на незадаволенасьць ў грамадзтве? Ці могуць яны быць скасаваныя? Ці ўлада цьвёрда будзе стаяць на тым, каб гэтыя непапулярныя рашэньні дзейнічалі?
Гэта проста прысуд прынятаму дэкрэту.
— Гэта толькі некаторыя зь непапулярных рашэньняў. Сёньня Лукашэнка сказаў, што калі людзі пра гэта катэгарычна выкажуцца, тады мы ад гэтага адмовімся. Відавочна, што не было магчымасьці казаць яму пра даволі пераканальныя лічбы. За той час, калі дзейнічаў дэкрэт, колькасьць звольненых з працы людзей, перавышала колькасьць тых, каму далі працу, — на 108 тысяч чалавек. І гэта проста прысуд прынятаму дэкрэту. Шмат залежыць ад мабілізацыі грамадзкай думкі, ад пазыцыі бізнэс-супольнасьці, і калі сёньня мы будзем больш актыўна дзейнічаць, каб мабілізаваць людзей, я думаю, што дэкрэт нумар тры больш за год не прыжыве.
— І апошняе пытаньне, фізіялягічнае. Ці выходзіў Аляксандар Лукашэнка за гэтыя амаль 8 гадзінаў у прыбіральню? І як вытрымлівалі ўдзельнікі?
— Некаторыя людзі выходзілі па патрэбах. Я таксама цярпеў да канца, не выходзіў сем з паловай гадзінаў. Аляксандар Лукашэнка увесь час быў у цэнтры ўвагі, ніколі не адлучаўся, толькі піў гарбату і больш нічога. Так што фізіялягічна такому стану здароўя і магчымасьці трымаць аўдыторыю сем з паловай гадзінаў можна пазайздросьціць.
— Вы выцерпелі. А ягоны міністры, чальцы Адміністрацыі прэзыдэнта таксама вытрымалі?
— Таксама сядзелі. Я ня бачыў, каб людзі з адміністрацыі і міністры выходзілі. З аднаго боку сядзеў сілавы блёк і Макей з Качанавай, з другога боку — віцэ-прэм’еры. Усе сядзелі як штыкі, ніхто нікуды не выходзіў. Некаторыя з аўдыторыі выходзілі і вярталіся. Было нязручна выходзіць, калі да цябе зьвяртаюцца. Калі б я ўжо ня мог стрымацца, выйшаў бы. Можна было дасядзець — і дасядзеў.