Дырэктар ФСБ Расеі распарадзіўся ўстанавіць памежную зону на мяжы зь Беларусьсю.
Памежная зона вызначана на межах Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласьцей зь Беларусьсю, у распараджэньні (PDF) Памежнаму ўпраўленьню Расеі ў Смаленскай вобласьці даручаецца «вызначыць месца і час для ўезду (праходу) асобаў і транспартных сродкаў у памежную зону», а таксама «арганізаваць устаноўку папераджальных знакаў на ўезд у памежную зону».
У памежнай службе ФСБ Расеі Свабодзе кажуць, што распараджэньне пра памежную зону набывае сілу 6 лютага. Але беларусаў, гавораць у ФСБ, яно ня тычыцца: грамадзянам нашай краіны проста трэба мець пры сабе пашпарт, каб перасекчы мяжу з Расеяй. Зьмены жа тычыцца грамадзян трэціх краінаў — усіх, акрамя Беларусі і Расеі.
«Што тычыцца грамадзянаў Беларусі і Расеі, ня будзе ніякіх праверак пры перасячэньні мяжы», — запэўнівае прадстаўнік памежнай службы Расеі.
Органаў памежнай службы на расейскім кірунку зь беларускага боку цяпер яшчэ няма. А ці будуць усталёўвацца новыя пункты пропуску з расейскага боку?
«Пакуль усё ў працэсе. Наогул, міжнародныя пункты пропуску між Беларусьсю і Расеяй не прадугледжаныя. Таму грамадзян трэціх краінаў, якія едуць зь Беларусі ў Расею, не прапускаюць і разварочваюць. Ім рэкамэндуюць выяжджаць зь Беларусі ў Расею празь міжнародны пункт пропуску. Гэта значыць, выяжджаць з тэрыторыі Беларусі ў іншую дзяржаву, а зь яе рухацца на тэрыторыю Расеі ў вызначаным парадку».
Ці зьявяцца ў неўзабаве новыя пункты пропуску на мяжы, каб такога не адбывалася?
«Магчыма, так. Але цяпер гэта проста невядома. Памежная зона як такая не вызначае наяўнасьці пунктаў пропуску. А арганізаваць пункт пропуску — гэта даволі вялікая справа».
У пагранічнай службе кажуць, што памежную зону па-ранейшаму рэгулююць беларускі і расейскі законы аб дзяржаўнай мяжы (што тлумачыць грамадзянам беларускі памежны камітэт, глядзіце тут), а пра пляны новых, дадатковых распараджэньняў пакуль ня чулі.