У другой палове дня 1 лютага Цэнтарвыбаркам перадасьць у канцылярыю кіраўніка беларускай дзяржавы пакет дакумэнтаў па зьменах выбарчага заканадаўства. Пра гэта Свабодзе распавяла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
«Асноўнае ў ім — прапановы, якія падрыхтавала міжведамасная экспэртная група. Мы просім кіраўніка дзяржавы прызначыць нараду з удзелам зацікаўленых арганізацыяў і асобаў, каб шырока абмеркаваць тыя зьмены і дапаўненьні ў выбарчыя працэсы, якія прапануюць экспэрты. Вядома, ня мы прызначаем дату нарады. Але я думаю, што яна можа прайсьці цягам лютага.
Гэтым разам гаворка ідзе пра аб’ёмны пакет зьменаў. Яны ўлічваюць ня толькі рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. Гэта і распрацоўкі экспэртнай групы і грамадзянскай супольнасьці. Таму там дастаткова шмат прапаноў. Раней столькі не было», — сказала спадарыня Ярмошына.
На просьбу Свабоды распавесьці пра канкрэтныя прапановы старшыня ЦВК адказала:
«Мы дамовіліся пакуль не называць канкрэтныя опцыі. Але ж, улічваючы, што вы такі працяглы час займаецеся выбарчай тэмай, зраблю для вас выключэньне.
Напрыклад, мы прапануем, каб памылка пры запаўненьні дэклярацыі кандыдатамі больш не была падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Няхай камісія выправіць памылку і ўпіша сапраўдныя лічбы ў агітацыйныя матэрыялы. Выбарнікі, калі пойдуць галасаваць, іх пабачаць. А тое, што кандыдат памыліўся, гэта ж не ўплывае на выбар людзей.
Мы лічым, што трэба зьменшыць працягласьць працы выбарчых камісіяў. Ну навошта ўчастковай камісіі працаваць аж 45 дзён да пачатку выбараў? Няма такой неабходнасьці. Хопіць і 30 дзён.
Прапануецца значна спрасьціць працэс перадвыбарнай агітацыі. Цяпер кандыдат у дэпутаты альбо ў прэзыдэнты, які хоча правесьці сустрэчы ці сходы, заяўляе пра сваё жаданьне ўладам, і гэтага дастаткова. Мы прапануем надзяліць падобнай магчымасьцю і звычайных выбарнікаў. Каб яны таксама ў гэты пэрыяд маглі карыстацца спрошчаным парадкам.
Ёсьць прапановы, і не адна, і па так званых балючых пытаньнях. Яны тычацца і фармаваньня выбарчых камісіяў, і падліку бюлетэняў.
Пабачым, як паставяцца да ўсяго гэтага на нарадзе».
Апошняе пасяджэньне міжведамаснай экспэртнай камісіі прайшло 31 студзеня. У ім сярод іншых удзельнічалі кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.