Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Дамова зь «Белсатам» спыненая


«Ранейшая дамова МЗС Польшчы і Польскай тэлевізіі наконт стварэньня „Белсату“ ўжо скасаваная» — напісаў у артыкуле для газэты Rzeczpospolita дзяржсакратар у справах бясьпекі, усходняй і эўрапейскай палітыкі МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі.

«Мы ахвотна распачнём з дасьведчанай беларускай камандай „Белсату“ дыскусію, як зьмяніць гэты СМІ, каб ён мог знайсьці патрэбнага спонсара і прэстыж важнага сродку беларускай камунікацыі» — напісаў высокапастаўлены чыноўнік МЗС у артыкуле «МЗС глядзіць на ўсход. Карпатлівая нармалізацыя дачыненьняў зь Беларусьсю».

Марэк Зюлкоўскі мае пасаду, роўную намесьніку міністра замежных спраў, ён адказвае ў ведамстве за ўсходнюю палітыку Польшчы.

Як даведалася Свабода зь неафіцыйных крыніцаў, польскае МЗС цалкам спыняе фінансаваньне Белсату. У дадзены момант, як даведалася Свабода, Белсат часова фінансуе Польская грамадзкая тэлевізія TVP, часткай якой канал і зьяўляецца.

5 студзеня дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркаю Польшчы Бэатай Шыдла і паведаміла на сваім профілі ў Фэйсбуку наступнае:

«Думаю, што будзеце задаволеныя, як і я, навіною, якую я перадаю: пані прэм’ер запэўніла мяне і ўпаўнаважыла заявіць, што існаваньню Белсату нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысьвяцім абмеркаваньню далейшых прынцыпаў супрацоўніцтва з МЗС».

Паводле МЗС Польшчы, ад 2007 году агулам фінансаваньне тэлеканалу Белсат склала 157 млн злотых (за гэты час курс злотага вагаўся ад 2 да 4 за даляр ЗША). Гэта траціна ўсіх сродкаў, якія Польшча выдаткавала за гэты час на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

25 студзеня дзяржсакратар МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі сустрэўся з амбасадарам Беларусі ў Варшаве Аляксандрам Авяр'янавым. У польскі парлямэнт цяпер прыехала зь візытам дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Польскі візыт — першы ў гісторыі Палаты прадстаўнікоў— працягнецца да 2 лютага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG