Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст Віталь Сізоў, якога высылаюць зь Беларусі: «Перавозілі ў „бобіку“, як затрыманага»


Віталь Сізоў
Віталь Сізоў

Журналісту Грамадзкага тэлебачаньня Данбасу Віталю Сізову, якога ўначы затрымалі менскія міліцыянты, загадана цягам дня пакінуць Менск.

Віталь Сізоў распавёў карэспандэнту Свабоды пра тое, чаму мусіць падпарадкавацца загаду зьехаць і як зь ім абыходзіліся ў Цэнтральным РУУС.

«Сказалі, што я ў сьпісе неўязных у Расею, а паколькі ў вас зь імі саюзная дзяржава, таму і тут мне нельга. Цягам 24 гадзін мушу пакінуць Беларусь. Іду зараз у ваш МЗС, мне мусяць вярнуць акрэдытацыю. За дзень якраз спраўлюся і зьеду.

Што да кантактаў зь міліцыяй, дык уражаньні супярэчлівыя. Па-першае, чаму гэта ў 2 гадзіны ночы здарылася, хіба не маглі да раніцы пачакаць і тады запрасіць да сябе і паведаміць?

Па-другое, міліцыянты мне казалі, што я не затрыманы, але лічу, гэта ўсё ж было затрыманьне, а ня проста размова, бо мяне як вывелі з гатэлю, дык пасадзілі ў міліцэйскі „бобік“, у клетку. Яшчэ спытаў у іх, чаму не на сядзеньне побач з кіроўцам, але там, сказалі, нельга. Значыць, затрыманьне. У раённым аддзяленьні мае зьвесткі не занесьлі ў спэцыяльны журнал уліку наведнікаў, як у нас ва Ўкраіне, — абышлося бяз запісаў і подпісаў.

Але пытаньняў задавалі шмат. Што тут робіш, чаму не пускаюць ў Расею, ці не ваяваў ва Ўкраіне, на чыім баку. Падобна, у іх стандартны сьпіс пытаньняў. Пасьля размовы загадалі чакаць, і гадзінаў да 4 давялося чакаць. Тады прыйшоў чалавек у цывільным, назваўся, але я не запомніў ягонага імя і зноў пачаў распытваць. Ён сказаў, што Расея мне забараніла ўезд на сваю тэрыторыю да 2021 году, і таму мне трэба цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь, што гэта ня іхная ініцыятыва. Прычын не сказалі», — распавёў Віталь Сізоў.

У МЗС і МУС Беларусі адказалі, што высьвятляюць сытуацыю, і пакуль ад камэнтароў устрымаліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG