Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзнай актывістцы з Бабруйску міліцыя вярнула подпісы за адмену «дэкрэту аб дармаедзтве».


Галіна Сьмірнова
Галіна Сьмірнова

1000 подпісаў супраць дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» у Галіны Сьмірновай забралі 29 студзеня неўзабаве пасьля яе сустрэчы з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Віталём Уласевічам. У яго актывістка патрабавала паспрыяць адмене дэкрэту. У міліцыі, па словах актывісткі, яна прабыла тры гадзіны без выстаўленьня абвінавачваньня і яе адпусьцілі.

30 студзеня Галіну Сьмірнову запрасілі прыйсьці ў міліцыю па запоўненыя падпісныя лісты. Там актывістка прабыла амаль дзьве з паловай гадзіны. Быў складзены пратакол апытаньня.

«Подпісы аддалі. Мне сказалі, што была праведзеная праверка іх сапраўднасьці і падпісанты пацьвердзілі, што падпісваліся супраць дэкрэту. Міліцыянт упікаў, што ў прэсе была пададзеная непраўдзівая інфармацыя наконт складаньня адміністрацыйнага пратаколу, а яго ніхто не складаў», — апавяла пра гутарку ў міліцыі Галіна Сьмірнова.

Яна падзякавала прэсе за розгалас пра забраныя міліцыяй падпісныя лісты.

«Подпісы на месцы і толькі дзякуючы падтрымцы прэсы удалося іх вярнуць. Адчувалася, што існуе боязь розгаласу», адзначыла актывістка

Галіна Сьмірнова склала заяву ў бабруйскую пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, якія яе затрымалі 29 студзеня. У скарзе яна адзначае, што ёй у міліцыі адмаўляліся гаварыць у чым канкрэтна яе абвінавачваюць, не дапускалі прадстаўніка абароны яе інтарэсаў і выкарысталі супраць яго фізычную сілу выправаджваючы з кабінэта.

«Супрацоўнік міліцыі Рудзько заявіў мне, што я затрыманая за зьдзяйсьненьне правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях [правядзеньне несанкцыянаванага пікету — РС]», — напісала ў заяве актывістка.

Яна таксама адзначыла, што «пад пагрозай фізычнай сілы супрацоўнікі міліцыі завалодалі яе асабістымі рэчамі». Акрамя таго ёй адмовіліся даваць копію дакумэнтаў, якія на яе былі складзеныя.

Сьмірнова просіць пракуратуру правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якія на яе думку, парушылі яе правы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG