У сваім ФБ Зьміцер Дашкевіч напісаў:
«Дзякуй Богу за перамогу! „Зьміцер, зайдзі на ўправу, тут табе пакінулі грошы,“ — трыготкім голасам запрасіла мяне Valzyna Shutava. „Навошта так хвалявацца?“ — падумаў я ідучы на ўправу. „Трымай, тут дзьве тысячы,“ — працягнула Вальжына капэрту. Я зазірнуў — усё зялёнае — і расхваляваўся сам. Невядомы чалавек пакінуў на ўправе Партыі БНФ дзьве тысячы долараў і пайшоў сабе па справах. Я думаў, што ў Беларусі даўно ўжо няма такіх бізнэсменаў, якія гатовы такія грошы ахвяраваць змагарам, але вось вам, калі ласка...
Пры тым, што я ні да кога не зьвяртаўся і не прасіў дапамогі, дзясяткі людзей за гэтыя пару дзён напісалі з прапановаю дапамагчы! Некалькі чалавек прапанавалі браць іхнія машыны і катацца, колькі спатрэбіцца. Адзін хрысьціянін настойвае, каб я забраў адну з дзьвюх ягоных машын у якасьці падарунка. Скажу вам, сябры, праўду — я ніколі не сутыкаўся з такой падтрымкай! Дзякуй кожнаму добраму сэрцу за падтрымку, малітвы, дапамогу!
Дзякуючы цёплай часіне года, якая, — як мудра заўважыў Siarzhuk Siemianiuk, — хутка прыходзіць, была сплочана ільвіная частка штрафаў. Яшчэ частку новых пратаколаў і 10% прыставовага навару я сплаціў з ахвяраваных грошаў і ўчора позьнім вечарам вырваў нашу машынку з лапаў судовых дармаедаў».