Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек пакутуе за кратамі, пакуль Менск і Масква гуляюць у свае гульні»


Ці стаў блогер Аляксандр Лапшын закладнікам палітычных гульняў афіцыйнага Менску?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Кацярына Андрэева, Уладзімер Глод

Глод: Менскі гарадзкі суд учора не задаволіў скаргу грамадзяніна Расеі, Ізраіля і Ўкраіны, вядомага блогера і вандроўніка Аляксандра Лапшына на рашэньне Генэральнай пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі яго ў Азэрбайджан. Якія былі матывы ў суду, сказаць цяжка, бо скаргу разглядалі на закрытым пасяджэньні. Журналістаў дапусьцілі ў залю толькі на абвяшчэньне рашэньня.

Тут беларускія ўлады дзейнічаюць і ў піку Маскве, і адначасова фліртуюць з Баку

Гісторыя Лапшына коратка выглядае так. Яго затрымалі ў Менску ў ноч на 15 сьнежня 2016 году на запыт Азэрбайджану. Блогер знаходзіцца ў чорным сьпісе Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану за наведваньне Нагорнага Карабаху ў 2011–2012 гадах і за артыкулы з крытыкай азэрбайджанскіх уладаў. У чэрвені 2015 году ён, тым ня менш, заяжджаў у Азэрбайджан праз Грузію па ўкраінскім пашпарце, дзе яго імя было напісана па-ўкраінску — Олександр. Цяпер Лапшыну інкрымінуецца неаднаразовае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Азэрбайджану і неаднаразовыя публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы. Паводле азэрбайджанскіх законаў, у выпадку прызнаньня вінаватым блогеру пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 8 гадоў.

17 студзеня намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук пастанавіў экстрадаваць блогера ў Азэрбайджан. Прычым рашэньне прынялі літаральна празь некалькі гадзін пасьля заявы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова аб нязгодзе Масквы з экстрадыцыяй затрыманых расейцаў у трэцюю краіну. За затрыманага Лапшына заступіўся і Ізраіль.

Беларускае правасудзьдзе настолькі сябе дыскрэдытавала, што экспэрты пачалі адразу шукаць у рашэньні аб экстрадыцыі спадара Лапшына палітычную падаплёку. А яна, падаецца, сапраўды існуе. Ня выключана, што блогер стаў міжвольным закладнікам палітычных гульняў Менску. Тут беларускія ўлады дзейнічаюць і ў піку Маскве, і адначасова фліртуюць з Баку як з крэдыторам і магчымым альтэрнатыўным пастаўшчыком сырой нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Праваабаронцы Азэрбайджану зьвяртаюць увагу на некаторыя цікавыя акалічнасьці справы.

Па-першае, чаму крымінальная справа была ўзбуджаная менавіта ў дачыненьні да Лапшына? У чорным сьпісе парушальнікаў больш за 600 чалавек.

Па-другое, чаму з усіх краін, зь якімі ў Баку падпісаныя пагадненьні аб экстрадыцыі, толькі Беларусь адгукнулася на такі запыт?

Па-трэцяе, Лапшына арыштавалі неўзабаве пасьля лістападаўскага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Баку. Тады беларускага кіраўніка ўзнагародзілі ордэнам Гейдара Аліева. І Лукашэнка публічна паабяцаў «адпрацаваць» узнагароду.

Так што затрыманьне блогера можа быць дэманстратыўным жэстам Менску — калі трэба, мы зробім для вас, што вы папросіце.

У Менску таксама лічаць, што вэрсія з палітычным падтэкстам арышту Лапшына мае права на існаваньне. Расея напрыканцы мінулага году зьменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь. Цяпер тэрмінова трэба шукаць альтэрнатыўную нафту. Таму выдача блогера можа быць своеасаблівым рэвэрансам перад Азэрбайджанам, які ня толькі ўжо выручаў з нафтай і пазычаў мільёны даляраў. Шмат грошай прыносіць Беларусі і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Азэрбайджанам.

Беларускія праваабаронцы таксама заклапочаныя лёсам блогера Лапшына. Так, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак самым сумным у гэтай гісторыі лічыць тое, што правы канкрэтнага чалавека ў глябальных палітычных працэсах найменш цікавяць палітыкаў, якія на свой одум распараджаюцца канкрэтным лёсам.

Ці пагаджаецеся вы, калегі, з такім меркаваньнем?

Андрэева: Расейскія і ізраільскія дыпляматы заступіліся за Лапшына, але беларускія ўлады, відавочна, дзейнічаюць паводле ўласнага пляну. Асабліва важным мне падаецца, што на прэсавай канфэрэнцыі 17 студзеня старшыня расейскага МЗC Сяргей Лаўроў выказаўся супраць выдачы Азэрбайджану блогера Лапшына, і ў той жа дзень генпракурор Беларусі Аляксей Стук вынес рашэньне аб экстрадыцыі Лапшына ў Азэрбайджан.

З гэтага вынікае, што афіцыйны Менск дэ-факта праігнараваў абурэньне саюзнай Расеі і выкарыстаў справу Лапшына як шанец прадэманстраваць Расеі незалежную ад яе пазыцыю. Наколькі ў сёньняшнім эканамічным становішчы Беларусь можа дазволіць сабе такія выпады ў бок Крамля? Гэта даволі дзёрзкі крок, і ён можа быць успрыняты ў Крамлі як нагода для эскаляцыі той напружанасьці ў беларуска-расейскіх адносінах, якая ўжо існуе. На мой погляд, Менск сьвядома пайшоў на рызыку. Але проста рызыка без пэрспэктывы атрыманьня дывідэндаў — не для Лукашэнкі.

Чалавек пакутуе за кратамі, пакуль Менск і Масква гуляюць у свае гульні

Лукашэнка і Аліеў — даўнія стратэгічныя партнэры, яшчэ з 2010 году, калі Аліеў дапамог Беларусі з тэрміновым крэдытам, каб пагасіць запазычанасьць за газ перад Расеяй. А летась адбылася першая пастаўка вялікай партыі нафты азэрбайджанскага гіганта Socar на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод — амаль 85 тысяч тон. На мінулым тыдні Лукашэнка чарговым разам падкрэсьліў важнасьць распрацоўкі альтэрнатыўных каналаў пастаўкі нафты: «альтэрнатыўныя» ў гэтым кантэксьце варта разумець як «нерасейскія».

Верагодны дыпляматычны скандал падагравае і ціск з боку Ізраіля. Патэнцыйна, узмацненьне гэтага ціску зь некалькіх бакоў адначасова можа прымусіць Беларусь саступіць і адмяніць рашэньне аб экстрадыцыі. Праўда, нельга забывацца на псыхалягічны момант: беларуская ўлада ня любіць, калі яе прымушаюць прызнаць няправільнасьць прынятых рашэньняў.

Варта ўзгадаць, што Беларусь знаходзіцца з Армэніяй у АДКБ і ЭАЭС. І Армэнія незадаволеная гэтым рашэньнем аб экстрадыцыі.

Блогер Лапшын, мяркую, у першую чаргу непазьбежна становіцца закладнікам беларуска-расейскіх гульняў. Чалавек пакутуе за кратамі, пакуль Менск і Масква гуляюць у свае гульні.

Карбалевіч: Сытуацыя даволі дзіўная і незвычайная. Гаворка ідзе не пра нейкага тэрарыста ці рэвалюцыянэра, ці хаця б апазыцыянэра, які хацеў бы зрынуць кіроўны рэжым у Азэрбайджане. Вядома ж, што і Аліеў, і Лукашэнка ня любяць апазыцыянэраў, і таму ў знак салідарнасьці з аўтарытарным азэрбайджанскім калегам мог бы выдаць Лапшына.

Ну, Лапшын крытыкаваў азэрбайджанскі рэжым. Але садзіць у турму за крытыку, нават для сёньняшніх беларускіх уладаў — гэта ўжо нонсэнс.

экстрадыцыя Лапшына ў Азэрбайджан азначае канфлікт з Расеяй

Але ўсё так званае «злачынства» Лапшына палягае ў тым, што ён наведаў Нагорны Карабах, які Азэрбайджан лічыць сваёй тэрыторыяй. Але і ў гэтым пытаньні, у спрэчцы вакол Нагорнага Карабаху Беларусь афіцыйна імкнецца захоўваць нэўтралітэт. Больш за тое, беларускія ўлады прапануюць сябе Азэрбайджану і Армэніі ў якасьці пасярэдніка, прапануюць зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў. А высылка Лапшына ў Азэрбайджан азначае канфлікт з Армэніяй, адмову ад пазыцыі нэўтралітэту. Навошта?

Больш за тое, экстрадыцыя Лапшына ў Азэрбайджан азначае канфлікт з Расеяй. Пасьля заявы Лаўрова пра непажаданую экстрадыцыю расейскага грамадзяніна робіцца дэманстратыўны крок, прымаецца адпаведнае рашэньне. Вось жа, гэта крок у бок эскаляцыі канфлікту з РФ. Ці, магчыма, прапанова торгу? Бо пакуль экстрадыцыя не адбылася, хутчэй за ўсё, будзе новы суд, магчыма, справа дойдзе да Вярхоўнага суду, а тым часам будуць ісьці кулюарныя перамовы з Масквой. Маўляў, чым вы нам заплаціце за вызваленьне Лапшына: нафтай, газам ці крэдытам?

Ужо не кажу пра канфлікт з Ізраілем, які таксама патрабуе вызваліць Лапшына.

І ўсё гэта дзеля чаго? Толькі дзеля захаваньня добрых адносін з прэзыдэнтам Азэрбайджану Аліевым? І тут узьнікае пытаньне: што такога паабяцаў Беларусі Аліеў падчас мінулагодняга візыту Лукашэнка ў Баку? Крэдыт? Ці танную нафту? Таму што проста нафту ўвогуле не праблема набыць — яе можна купіць дзе заўгодна. Можа, там нафта па нейкай добрай цане?

Пытаньняў шмат, адказу няма, пакуль толькі адны гіпотэзы. Я думаю, што кропку ставіць рана. Гэтае пытаньне пакуль яшчэ падвешанае, і будзе адбывацца торг з усімі ўдзельнікамі гэтага канфлікту.

Глод: Удакладню дэталь, што фармальна Беларусь ужо з 1994 году ўдзельнічае ў міратворчым працэсе паміж Азэрбайджанам і Армэніяй наконт Нагорнага Карабаху. Яшчэ тады, калі Лукашэнка ня быў пры ўладзе, калі яшчэ кіраваў Вярхоўным Саветам Грыб, а міністрам замежных спраў быў Пётар Краўчанка, была створаная так званая менская група АБСЭ дзеля замірэньня Азэрбайджану і Армэніі. Фармальна гэтую групу ніхто не распускаў, не касаваў. Іншая справа, што яна амаль не зьбіраецца, амаль ня дзейнічае.

Усё ж мне падаецца, тут яшчэ ёсьць арытмэтыка вайсковая: не сакрэт, што Менск прадае ўзбраеньне і Азэрбайджану, і Армэніі. Нягледзячы на тое, што Армэнія ў АДКБ, Азэрбайджан — не. Але мэдыі пішуць, што Азэрбайджан закупляе значна больш зброі — ну зразумела, дзяржава значна больш багатая, чым Армэнія — таму губляць такога партнэра і такія вялікія грошы, зразумела, ня хочацца.

Андрэева: Калегі, а ці заўважылі вы, што Лапшын заехаў у Азэрбайджан па ўкраінскім пашпарце, але ўкраінскія дыпляматы не выказваюць занепакоенасьці з нагоды ягонага арышту? З чым гэта зьвязана, як вы думаеце, калегі? Магчыма, так адбываецца таму, што Ўкраіна сёньня мае свае праблемы з грамадзянамі, якія незаконна перасякаюць мяжу ў Крыме. І далучацца да канфлікту і спрэчак пра Нагорны Карабах, мабыць, не найлепшы момант. Цікава, што ўцягнутыя і Расея, і Ўкраіна. Атрымліваецца, яны на адным баку.

Глод: Ёсьць яшчэ адна важная дэталь. Калі згадаць галасаваньне ў ААН наконт акупацыі Крыму, дзе асуджалася Расея, то з былых постсавецкіх краін там вельмі выразна было тры групы. Першая — Расея, Беларусь, Армэнія, якія выступілі супраць рэзалюцыі. Другая — вялікая група постсавецкіх рэспублік, якія ня ўдзельнічалі ў галасаваньні, зрабілі хітра: Казахстан, Туркмэністан і іншыя. І толькі адна былая краіна Савецкага Саюзу — Азэрбайджан — рашуча падтрымала рэзалюцыю і асудзіла Расею за захоп Крыму. І зразумела, чаму. Аналягічная сытуацыя з Нагорным Карабахам. І Ўкраіна абавязаная Азэрбайджану за гэта. Таму я думаю, што абвастраць дзеля Лапшына адносіны паміж Кіевам і Баку не выпадае. Гэта адна з прычын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG