Пра гэта сёньня паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня працоўнай групы па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Андрэй Навумовіч. Ён патлумачыў, чаму гэтыя парлямэнцкія слуханьні адбудуцца толькі ў наступным годзе.
«Я ня ўпэўнены, што новы дэпутацкі корпус падтрымае прапанову аб адмене сьмяротнага пакараньня. Але калі слуханьні прынясуць адмоўны вынік, то гэта азначае, што мы фактычна замарозім працэс на чатыры гады існаваньня гэтага скліканьня Палаты. Таму патрэбны час, каб добра папрацаваць і з дэпутатамі, і з грамадзянскай супольнасьцю.
Скажу па сабе: я апошнім часам ва ўсіх працоўных калектывах, дзе бываў, задаваў пытаньне людзям, як яны ставяцца да гэтай праблемы. І сустракаліся такія калектывы, дзе ўсе 100% казалі, што яны супраць адмены сьмяротнага пакараньня.
Таму, на мой погляд, нам трэба спачатку ўзяць першую прыступку. Увесьці мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Я мяркую, што цягам 2017 году я сустрэнуся з кожным дэпутатам, каб даведацца іх думкі, папрашу, каб яны абмеркавалі гэтую праблему ў сваіх выбарчых акругах. Тут павінна быць вельмі ўзважаная ацэнка».
Ганна Канапацкая, якая разам з Андрэем Навумовічам знаходзілася на гэтым тыдні ў Страсбуры, заявіла: дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні сказаў у размове зь ёй, што Парлямэнцкая Асамблея спадзяецца, што ўсё ж 2017 год пройдзе пад знакам мараторыю на выкананьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.