Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ВУП скараціўся да мінімальнага з 2007 году ўзроўню


«Паводле сярэднеўзважанага курсу ВУП у даляравым эквіваленце ў 2016 годзе склаў 47,2 млрд даляраў, у 2015-м — 55,3 млрд з улікам апошняй афіцыйнай удакладненай ацэнкі гэтага паказчыка. Такім чынам, у 2016-м у параўнаньні з 2015-м ВУП зьнізіўся на 8,1 млрд даляраў, або на 14,7%», — паведаміў БелаПАН фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха, камэнтуючы афіцыйную статыстыку.

«Скарачэньне ВУП у даляравым эквіваленце абумоўлена зьніжэньнем ў 2016 годзе сярэднеўзважанага курсу беларускага рубля на 23% у параўнаньні з 2015 годам», — растлумачыў Муха.

У 2007 годзе ВУП склаў 45,2 млрд даляраў.

Экспэрт адзначыў, што даляравы эквівалент ВУП выкарыстоўваецца ня толькі ў міжнароднай параўнальнай статыстыцы, але і пры разьліку цэлага шэрагу паказчыкаў эканамічнай бясьпекі (у прыватнасьці аносіны дзярждоўгу да ВУП).

«Відавочна, на фоне прыкметнага зьмяншэньня даляравага эквіваленту ВУП можна чакаць пагаршэньня гэтых парамэтраў, якія прымаюцца да ўвагі замежнымі інвэстарамі, трымальнікамі беларускіх эўрааблігацый, міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі. Зьніжэньне ВУП у даляравым эквіваленце — нэгатыўны сыгнал для шэрагу вонкавых контрагентаў нашай краіны», — заявіў Муха.

Эканамічная палітыка ўнутры краіны, лічыць аналітык, павінна быць накіравана на стабілізацыю даляравага эквіваленту ВУП і прадугледжваць паступовы рост гэтага паказчыка.

У той жа час спроба дзяржавы стымуляваць даходы насельніцтва і павялічыць сярэдні заробак у 2017 годзе да 500 даляраў можа мець адваротны эфэкт, лічыць ён.

«Каб давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў, трэба ня толькі павялічыць грашовую прапанову, але і забясьпечыць стабільнасьць курсу беларускага рубля. Гэта можа прывесьці да празьмернага ўмацаваньня абменнага курсу нацвалюты, што адмоўна адаб’ецца на цэнавай канкурэнтаздольнасьці беларускага экспарту і прывядзе да скарачэньня валютнай выручкі», — сказаў Муха.

Як вынік, лічыць ён, ціск на курс рубля ўзрасьце, можа адбыцца абясцэньваньне рубля, і гэта сярод іншага прывядзе да зьніжэньня ВУП у даляравым эквіваленце. Па гэтым заганным коле, падкрэсьліў суразмоўца, раней Беларусь ужо праходзіла, «і паўстае пытаньне, ці варта ісьці па ім яшчэ раз дзеля павелічэньня заробкаў у вельмі кароткатэрміновай пэрспэктыве».

Як паведамлялася раней, беларускія ўлады паставілі задачу забясьпечыць рост сярэдняй зарплаты ў 2017 годзе да 500 даляраў. З ацэнкі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, са сродкаў якога Беларусь атрымлівае траншамі чарговы крэдыт, забясьпечыць рост сярэдняй зарплаты да 500 даляраў у 2017 годзе нерэальна.

«З нашага пункту гледжаньня, дасягненьне пастаўленай мэты зьяўляецца малаверагодным пры ўмове захаваньня абвешчанага прынцыпу павышэньня заработнай платы суразьмерна росту прадукцыйнасьці працы», — заявіў у сьнежні 2016 году ў інтэрвію БелаПАН дырэктар праектнай групы ў пытаньнях фінансавых крэдытаў Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця Алішэр Мірзоеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG