Цэлы шэраг сутыкненьняў адбыўся ў сталіцы ЗША Вашынгтоне паміж праваахоўнікамі і праціўнікамі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа падчас яго інаўгурацыі, паведамляе CNN.
Каб разагнаць пратэстоўцаў, якія кідалі ў паліцыю камяні, разьбівалі вітрыны і шкло ў машынах, вартавыя парадку ўжылі шумавыя гранаты і пярцовы газ.
У выніку сутыкненьняў, якія працягваюцца дагэтуль, параненыя двое паліцыянтаў, як найменш 95 пратэстоўцаў арыштаваныя.
«Пратэстоўцы ўдзельнічаюць у актах вандалізму. Было зафіксавана некалькі выпадкаў зьнішчэньня ўласнасьці, — гаворыцца ў заяве паліцыі. — Калі казаць больш канкрэтна: пашкоджаная цэлая група транспартных сродкаў, зьнішчаная маёмасьць некалькіх бізнэсоўцаў, былі выпадкі падпалаў. Акрамя таго, яны ўзброеныя ламамі і малаткамі».
На месцы сутыкненьня ў паўночна-заходнім раёне Вашынгтону разьбітыя вітрыны крамаў і банкаматы. Удзельнікі пратэстаў працягваюць выкрыкваць лёзунгі супраць Дональда Трампа, некаторыя трымаюць плякаты ў падтрымку Гілары Клінтан. Пратэстуючых адціскае паліцыя.
Заўтра ў Вашынгтоне таксама плянуецца маштабны Марш жанчын. Яго арганізатары разьлічваюць сабраць больш за чвэрць мільёну ўдзельнікаў з усіх амэрыканскіх штатаў, а яшчэ — задаць тон супраціву, які на іх думку, спатрэбіцца амэрыканцам у бліжэйшыя гады, як ніколі раней.