Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войскі Сэнэгалу ўвайшлі ў Гамбію


Абраны прэзыдэнт Гамбіі Адама Бэраў
Абраны прэзыдэнт Гамбіі Адама Бэраў

Войскі афрыканскай краіны Сэнэгал увайшлі ў суседнюю Гамбію, паведамляе агенцтва Reuters.

Паводле Reuters, прэсавы сакратар сэнэгальскай арміі палкоўнік Абду Ндыае даслаў агенцтву тэкставае паведамленьне «Мы ўвайшлі ў Гамбію». Пазьней сэнэгальскія вайскоўцы паведамілі, што «значныя» рэгіянальныя сілы нанесьлі ўдары ў Гамбіі ў рамках апэрацыі «Аднавіць дэмакратыю». Пры гэтым не ўдакладняецца, якія менавіта гэта былі ўдары.

Сэнэгальскія ўлады называюць мэтай уварваньня падтрымку новага прэзыдэнта Гамбіі Адамы Бэраў. Той перамог на выбарах 19 сьнежня, але дагэтуль ня мог атрымаць уладу, бо былы прэзыдэнт Яг'я Джамэ адмовіўся пакінуць пасаду, якую займае з 1994 году.

Апазыцыянэр з Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Адама Бэраў атрымаў на выбарах больш за 43% галасоў, Джамэ — толькі 39,6%. У сувязі з гэтым Джамэ заявіў пра «анамаліі» ў галасаваньні і заклікаў арганізаваць перавыбары.

Як раней паведамляла Бі-бі-сі, серада павінна была стаць апошнім афіцыйным днём Джамэ на пасадзе прэзыдэнта краіны, аднак парлямэнт падоўжыў яго прэзыдэнцтва яшчэ на тры месяцы, пакуль Вярхоўны суд краіны будзе разглядаць пазоў на вынікі выбараў. У свой перадапошні афіцыйны дзень на пасадзе Джамэ заявіў аб увядзеньні надзвычайнага становішча, што было ўспрынята як яго спроба захаваць за сабой прэзыдэнцкі пост і ўладу ў краіне.

Кіраўніцтва Сэнэгалу выказала гатоўнасьць уварвацца на тэрыторыю суседняй дзяржавы з мэтай вырашыць палітычны крызіс. Дазвол на ўварваньне ў Гамбію ўладам Сэнэгалу выдала Эканамічная супольнасьць заходнеафрыканскіх дзяржаў.

Нігерыя паведаміла, што ў выпадку неабходнасьці яна падтрымае сэнэгальскія сухапутныя войскі падчас іх уварваньня ў Гамбію. Сухапутныя войскі таксама выдзеліла Гана.

Рэгулярныя ўзброеныя сілы Сэнэгалу налічваюць каля 20 тысяч чалавек, колькасьць узброеных сілаў Гамбіі ацэньваецца ў 2,5 тысячы чалавек.

Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў прэзыдэнта Джамэ да мірнай перадачы ўлады.

Гамбія — самая малая краіна кантынэнтальнай Афрыкі з насельніцтвам каля 1,9 млн чалавек. Яна адна з найгоршых у сьвеце індэксам чалавечага разьвіцьця — 175-е месца са 188 (зьвесткі на 2015 год). Каля траціны насельніцтва жыве па-за мяжой беднасьці.

51-гадовы Яг'я Джамэ займаў прэзыдэнцкую пасаду ад 1994 году. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і зьвяржэньня прэзыдэнта Дауды Кайрабы Джавары, які кіраваў краінай ад 1965 году, з часоў атрыманьня незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG