Пасяджэньне спэцыяльнай міжведамаснай групы экспэртаў, створанай пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, перанесена на ня вызначаную пакуль дату. Пра гэта сёньня Свабодзе паведамілі ў Цэнтарвыбаркаме. Першапачаткова экспэрты меліся сабрацца 16 студзеня.
Гэтая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў (замежных спраў, юстыцыі, унутраных спраў ды іншых) і ведамстваў рыхтуе свае прапановы для зьмены выбарчага заканадаўства. Яны распрацоўваюцца на падставе рэкамэндацыяў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ (БДІПЧ). Не пазьней 1 лютага 2017 году прапановы экспэртаў мусяць ляжаць на стале ў Аляксандра Лукашэнкі. А апрабаваныя яны будуць у лютым 2018 году, калі ў краіне пройдуць чарговыя мясцовыя выбары.
Дэмакратычныя сілы Беларусі таксама рыхтуюць свае прапановы да Выбарчага кодэксу.
Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў старшыня экспэртнай групы, намесьнік кіраўніка партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў. Ён сказаў, што падрыхтаваны экспэртамі дакумэнт будзе перададзены ў Палату прадстаўнікоў, дэпутаты якой зьбяруцца на чарговую сэсію 2 красавіка.
Заўвагі БДІПЧ тычацца перш за ўсё складу выбарчых камісіяў, падліку галасоў, арганізацыі датэрміновага галасаваньня, асьвятленьня выбарчай кампаніі ў мэдыя. Усяго рэкамэндацый 32.
Дзесяць зь іх міжнародныя назіральнікі вызначылі як прыярытэтныя:
1. Заканадаўчую базу належыць усебакова перагледзець дзеля выкананьня папярэдніх рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі, у тым ліку што тычыцца складу выбарчых камісіяў, правоў кандыдатаў, правоў назіральнікаў, галасаваньня, падліку галасоў і падвядзеньня вынікаў.
2. Усе адпаведныя законы і ўказы павінны быць перагледжаныя і зьмененыя, каб гарантаваць, што любыя абмежаваньні ў дачыненьні асноўных свабодаў носяць характар выключэньня.
3. Органы ўлады павінны гарантаваць права асобаў і групаў ствараць без неабгрунтаваных абмежаваньняў уласныя палітычныя партыі ці палітычныя арганізацыі, а таксама даваць ім неабходныя юрыдычныя гарантыі канкурэнцыі адзін з адным на роўных падставах.
4. Дзеля забесьпячэньня прававой пэўнасьці асноўныя аспэкты выбарчага працэсу павінны рэгулявацца законам, а не пастановай ЦВК.
5. Улады павінны гарантаваць, каб кандыдаты і выбарнікі маглі ажыцьцяўляць сваё права на сход і выказваньні або атрыманьне інфармацыі, не асьцерагаючыся пакараньня, адміністрацыйных дзеяньняў або запалохваньня.
6. Дзеля павышэньня празрыстасьці і справаздачнасьці вынікі варта публікаваць з разьбіўкай па выбарчых участках і асобна па кожным кандыдаце. Яны павiнны таксама ўключаць у сябе колькасьць сапраўдных і несапраўдных галасоў, галасоў супраць усіх кандыдатаў і колькасьць сапсаваных бюлетэняў.
7. Назіральнікі павінны мець магчымасьць назіраць увесь працоўны працэс выбарчых камісіяў, у тым ліку праверку подпісаў ды іншых дакумэнтаў для рэгістрацыі кандыдатаў, правяраць сьпісы выбарнікаў і атрымліваць завераныя копіі пратаколаў выбарчых камісіяў.
8. Датэрміновае галасаваньне неабходна праводзіць з тымі ж гарантыямi, што і галасаваньне ў дзень выбараў, у тым ліку з кворумам участковых выбарчых камісіяў і без перапынкаў. Штодзённыя пратаколы павінны ўключаць колькасьць выбарнікаў, зарэгістраваных у сьпісе выбарнікаў, колькасьць дададзеных выбарнікаў і колькасьць выбарнікаў, якія прагаласавалі.
9. Падлік галасоў трэба праводзіць празрыстым чынам, каб усе сябры ўчастковых камісіяў, назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў мелі магчымасьць праверыць вынік працэсу. Трэба разгледзець магчымасьць абвяшчаць i паказваць прысутным асобам кожны выбарчы бюлетэнь, а таксама аб’яўляць усе лічбы, запісаныя ў пратаколы.
10. Акружныя выбарчыя камісіі павінны працаваць безь перапынкаў з моманту перадачы пратаколаў участковымі выбарчымі камісіямі да запаўненьня выніковых пратаколаў акружнымі камісіямі ў прысутнасьці сяброў камісіяў і назіральнікаў.