Ад 18 студзеня Нацыянальны банк Беларусі зьнізіў стаўку рэфінансаваньня з 18% да 17% гадавых. Таксама ад 1 лютага зьменяцца адлічэньні банкаў і крэдытна-фінансавых арганізацыяў у фонд абавязковых рэзэрваў: зьменшацца з 7,5% да 4% у нацыянальнай валюце, вырастуць з 7,5% да 11% у замежнай.
Як перадае БелТА, стаўку рэфінансаваньня зьнізілі з шэрагу прычынаў: гадавая інфляцыя запаволілася да 11,4% (11,8%, паводле Белстату), прырост спажывецкіх цэнаў аказаўся на адсотак ніжэйшым за прагназаваныя 12%, грашовая маса за 2016 год вырасла толькі на 4,4% (супраць 39,2% у 2015-м). Зьнешнеэканамічная ўстойлівасьць «паступова павышаецца», а адсоткавыя стаўкі на дэпазыты і крэдыты хоць і зьмяншаюцца намінальна, у рэальным выражэньні застаюцца даволі высокімі.
Рашэньні Нацбанку, як сьцьвярджаецца, прынятыя ў межах агульнай стратэгіі на зьніжэньне далярызацыі эканомікі Беларусі і накіраваныя на рост прывабнасьці рублёвых укладаў.
Стаўка рэфінансаваньня — адсоткі ў гадавым зьлічэньні, якія камэрцыйным банкам і крэдытным арганізацыям трэба плаціць цэнтральнаму банку краіны за пазыкі. Празь яе Нацбанк уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, стаўкі па дэпазытах і крэдытах.
Яна даходзіла да 480% у канцы 1994 году, зьнізілася да 38% у канцы лета 1998-га, затым паступова вырасла да 175% у лютым 2000 году. Наступныя 5 гадоў яна паступова спала да 10% у 2006 годзе, заставалася на ўзроўні 10-14% да сярэдзіны 2011 году. Цягам другой паловы 2011 году паступова вырасла да 45%, затым паволі зьніжалася. На пачатак 2016 году складала 24%, на канец — 18%.