Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новыя сілы НАТО ў Эўропе могуць выконваць толькі псыхалягічна-абарончую функцыю»


Як мяняе стратэгічны балянс у рэгіёне зьяўленьне ў Польшчы бранятанкавай брыгады ЗША?

Юры Дракахруст

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: Кіраўніцтва Польшчы 14 студзеня вітала ў краіне вайскоўцаў ЗША. Прэм’ер-міністарка Польшчы Бэата Шыдла сказала, што гэта «вялікі дзень». Каля 3,500 амэрыканскіх вайскоўцаў накіраваліся ва Ўсходнюю Эўропу. Гэты крок зроблены ў выкананьні леташняга рашэньня саміту альянсу і скіраваны на тое, каб паменшыць засьцярогі краінаў рэгіёну пасьля дзеяньняў Расеі супраць Украіны.

Польскі міністар абароны Антоні Мацярэвіч сказаў, што амэрыканскія вайскоўцы дапамогуць гарантаваць «свабоду, незалежнасьць і мір у Эўропе і ва ўсім сьвеце», «мы чакалі вас дзясяткі гадоў» — дадаў міністар.

Цырымонія сустрэчы амэрыканскіх войскаў адбылася ў горадзе Жагань, блізу мяжы зь Нямеччынай. Акрамя салдатаў у Польшчу прыбываюць каля тысячы адзінак вайсковай тэхнікі — танкі Abrams, баявыя машыны пяхоты Bradley і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Howitz.

прапорцыі ня сьведчаць пра тое, што гэта нейкая вырашальная ваенная сіла ў рэгіёне

Расея вельмі крытычна паставілася да разьмяшчэньня ва Ўсходняй Эўропе амэрыканскіх вайскоўцаў. «Гэтыя дзеяньні пагражаюць нашым інтарэсам, нашай бясьпецы», — сказаў 12 студзеня Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ці мяняе зьяўленьне амэрыканскай бранятанкавай брыгады стратэгічны балянс у рэгіёне? Ну ў сэнсе прэцэдэнту — так, ніколі раней ад уступленьня краінаў Цэнтральнай Эўропы ў НАТО на іх тэрыторыі не зьяўлялася такіх адносна вялікіх кантынгентаў войскаў іх саюзьнікаў па альянсе. На што, дарэчы, робяць акцэнт і расейцы, маўляў, упершыню, «лиха беда — начало».

Аднак варта прыгадаць, што Войска Польскае, узброеныя сілы Польшчы, налічваюць 100 тысячаў салдатаў, войскі памежнай з Польшчай Беларусі — 64 тысячы. Адпаведна ў 25 і ў 18 разоў больш, чым той амэрыканскі кантынгент. Хай яны нават багі вайны, што ня факт, але прапорцыі ня сьведчаць пра тое, што гэта нейкая вырашальная ваенная сіла ў рэгіёне.

Можна прыгадаць, што гэтым летам Расея перакінула на сталую дысьлякацыю пад мяжу з Беларусьсю, у Клінцы, 28 асобную мотастралковую брыгаду. І ў польскую Жагань амэрыканскую брыгаду, і ў расейскія Клінцы расейскую брыгаду.

І наконт брыгады ў Клінцах можна сказаць, як і пра амэрыканскую брыгаду ў Польшчы — упершыню. Лукашэнка ў свой час казаў расейцам — у вас нічога няма да Масквы, акрамя нашага войска. Зараз ёсьць.

Але брыгада — гэта і ёсьць брыгада, хоць расейская, хоць амэрыканская. Не армія, не дзесяткі тысячаў салдатаў. Як сьведчыла дыскусія на леташнім саміце НАТО, кантынгенты саюзных войскаў у Польшчы і Балтыі — своеасаблівы якар, дэманстрацыя гатоўнасьці заходніх чальцоў альянсу ваяваць за гэтыя краіны. Калі будзе патрэба. Ну і невялікая, але дастатковая сіла на выпадак, калі нейкім «трактарыстам і шахцёрам», кажучы словамі Пуціна, прыйдзе ў галаву «набыць форму ў ваянторгу» і прадэманстраваць абноўкі палякам ці літоўцам. Ну вось каб не ўзьнікала спакусы пакрасавацца.

Ня ўзьнікне — дык добра. Патрацяць амэрыканскія падаткаплацельшчыкі пэўную суму грошай. Але можа і спакайней будзе.

Але зь іншага боку, прэцэдэнт ёсьць прэцэдэнт, 3.5 тысячы салдатаў — гэта не сымбалічны кантынгент. Як і клінцоўская брыгада. Надта ўжо тое недалёка ад межаў Беларусі. Са зразумелых гістарычных прычынаў для беларусаў кропка адліку і ўзор для параўнаньня — Другая сусьветная, гітлераўскія бліцкрыгі ў Польшчы, Францыі, Нарвэгіі, Грэцыі, напад на СССР, досьвед акупацыі Беларусі. Але здаецца больш актуальным досьвед Першай сусьветнай, калі ўсё рабілі рашучыя жэсты, аднак ніхто не хацеў такой вайны, якая ў выніку атрымалася.

Цыганкоў: Натуральна, першае ўражаньне ад гэтай навіны, што яна ўтрымлівае перш за ўсё сымбалічны зьмест. Маюцца на ўвазе ня толькі канкрэтныя лічбы, а ў цэлым гэты рух вайскоўцаў НАТО ў краіны Балтыі і Польшчу. Ён мае надаць псыхалягічную ўпэўненасьць гэтым краінам у тым, што НАТО гатовае іх абараняць.

Нагадаем, што на гэты конт ішлі даволі вялікія дыскусіі апошнія гады, пры тым, што дзейнічае вядомы 5-ы артыкул Статуту НАТО, паводле якога кожная дзяржава-чалец павінная абараняць іншую дзяржаву-чальца гэтага блёку ў выпадку нападу. Але ўсё ж такі ў палітычных аналітыкаў, ды і ў палітыкаў, застаюцца на гэты конт абсалютна зразумелыя сумневы.

Яны праяўляюцца часам альбо ў нейкіх кнігах, альбо інтэрвію, альбо нават прасочваюцца ў выказваньнях некаторых палітыкаў тых жа балтыйскіх краінаў, якія сумняюцца ў тым, што НАТО рэальна можа абараніць краіны Балтыі ў выпадку патэнцыйнай агрэсіі Расеі.

Натуральна, у Польшчы сытуацыя трошкі іншая, яна ўсё ж такі і краіна нашмат большая, чым дзяржавы Балтыі, і армія ў яе большая, і ад Расеі яна далей, калі не браць Калінінградзкую вобласьць. Але там кантынгент расейскіх войскаў дастаткова невялікі для вырашэньня наступальных задачаў.

цяпер эскаляцыя напружаньня ўжо ідзе адкрыта

Таму мне здаецца, Польшчу і краіны Балтыі трэба падзяляць. Але безумоўна тэндэнцыя відавочная на тое, што раней такія дзеяньні як разьмяшчэньне войскаў успрымаліся як правакаваньне іншага боку, як непатрэбная эскаляцыя напружанасьці. Цяпер што ў Расеі, што ў НАТО агулам запанавала такая думка, што ўжо гэтае меркаваньне можна адкінуць і асабліва не зважаць на рэакцыю іншага боку. Тым больш, што кожны зь іх абвінавачвае другога ў ваяўнічасьці. Хоць на самай справе тыя кантынгенты НАТО, якія разьмяшчаюцца што ў Польшчы, што ў краінах Балтыі, не могуць ні ў якой ступені ўспрымацца як наступальныя. Гэтыя некалькі тысячаў вайскоўцаў безумоўна могуць выконваць толькі псыхалягічна-абарончую функцыю.

Але для расейскіх тэлеканалаў гэта ня мае значэньня, і калі толькі іх уключыць, то выглядае, што гэта проста самыя страшныя наступальныя дывізіі, якія гатовыя хоць заўтра ісьці на Маскву. У любым выпадку я магу пагадзіцца з тымі паралелямі, якія праводзіў Юры, наконт Першай сусьветнай вайны, якую нібыта ніхто не хацеў, а яна атрымалася зь ніадкуль. Магчыма гісторыя, як сьцьвярджаецца, нічому не вучыць, з другога боку, можна казаць, што любыя гістарычныя паралелі кульгаюць. Яны недакладныя, але цяпер эскаляцыя напружаньня ўжо ідзе адкрыта і без зьвяртаньня ўвагі на меркаваньне альбо на аргумэнты апанэнта.

Карбалевіч: Самае галоўнае ў гэтым зьяўленьне амэрыканскай брыгады ў Польшчы — гэта прэцэдэнт. І каб зразумець і ацаніць гэтую зьяву, трэба разумець гістарычны кантэкст. Пашырэньне НАТО на ўсход адбылося ў 1999 годзе (тады ў альянс уступіла Польшча) і ў 2004 годзе. Расея была незадаволеная, але моцна не пратэставала. Бо, па-першае, адносіны Расеі з Захадам былі даволі прыязныя.

Па-другое, самое НАТО ўяўляла сабой даволі рахманую сілу, гэткага «папяровага тыгра». Узьнікла праблема новай ролі, функцыі гэтага альянсу, сэнсу яго існаваньня ва ўмовах заканчэньня «халоднай вайны». Бо зьнік праціўнік, дзеля стрымліваньня якога і стваралася гэтая арганізацыя.

Пашырэньне НАТО прывяло да размываньня адзінства. асабліва яскрава гэты выявілася падчас вайны ЗША супраць Іраку часоў Садама Хусэйна ў 2003 годзе.

Дзеяньні з абодвух бакоў ствараюць небясьпечную сытуацыю

Таму Расея і ставілася да пашырэньня альянсу на ўсход даволі спакойна. Тым больш, што рэальных войскаў альянсу у новых краінах-чальцах НАТА не зьявілася.

Чатыры самалёты, якія дзяжурылі ў краінах Балтыі, ні на што не ўплывалі. І кіраўніцтва НАТО запэўнівала Маскву, што войскі і не зьявяцца. Бо халодная вайна скончылася.

У такім стане НАТО, магчыма, заставалася б і дагэтуль, калі б не агрэсія Расеі ва Ўкраіне. Вось пасьля яе НАТО ажыло і вярнулася да той функцыі, якая існавала ў гады «халоднай вайны». І кантынгенты НАТО зьявіліся ў краінах Усходняй Эўропы.

Калі казаць пра балянс, то сытуацыю трэба разглядаць не ў пляне ваеннага балянсу, а ў пляне гістарычнага, палітычнага і нават псыхалягічнага аспэкту. То бок, у выпадку нейкага ваеннага інцыдэнту ў рэгіёне там пачнуць гінуць амэрыканскія вайскоўцы. І гэты важнейшы чыньнік, які можа падштурхнуць ЗША ўступіць у вайну.

Дзеяньні з абодвух канфліктуючых бакоў па сутнасьці разбураюць Дамову аб звычайных узброеных сілаў у Эўропе, падпісаную ў 1990 годзе. Таму сытуацыя ствараецца небясьпечная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG