Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БелАЭС прыехала місія МАГАТЭ


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Экспэрты службы Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) па аглядзе пляцоўкі і канструкцыяў Беларускай АЭС з улікам вонкавых пагрозаў (SEED-місія) распачалі працу ў Астраўцы 16 студзеня, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. Інспэкцыя працягнецца да 20 студзеня, а падрыхтоўка справаздачы SEED-місіі звычайна займае 3-6 месяцаў.

Інспэкцыя складаецца з ацэнкі таго, ці кіравалася дзяржава рэкамэндацыямі МАГАТЭ пры выбары пляцоўкі пад АЭС; якія крытэры ўжывала пры выбары пляцоўкі; ці прыдатнае месца з пункту гледжаньня геалягічных дасьледаваньняў; наколькі пляцоўка падрыхтаваная да мантажу ядзернага абсталяваньня. Экспэрты маюць ацаніць, якія небясьпечныя сытуацыі могуць узьнікнуць; ці вытрымаюць канструкцыі і сыстэмы БелАЭС гэтыя сытуацыі. Таксама экспэрты маюць ацаніць выкананьне экалягічных патрабаваньняў МАГАТЭ.

Раней Мірончык заяўляў, што да канца 2017 году Беларусь плянуе прыняць яшчэ прынамсі адну місію МАГАТЭ — разгляду аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня (EPREV).

Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе: у непасрэднай блізкасьці ад месца меркаванага будаўніцтва зарэгістраваны эпіцэнтар землятрусу інтэнсіўнасьцю да 7 балаў, месца будаўніцтва перасякае сыстэма рэгіянальных разломаў, што выяўляюць тэктанічную актыўнасьць да нашых дзён.

У час будаўніцтва БелАЭС здарыўся шэраг надзвычайных выпадкаў. Адзін раз корпус рэактара ўпаў зь невядомай вышыні, што беларускі бок прызнаў толькі пасьля асьвятленьня ў СМІ і міжнароднага ціску. Корпус пагадзіліся замяніць, але «Росатом» дапускае выкарыстаньне пашкоджанага корпусу на іншых праектах. З новым корпусам таксама было здарэньне, прызнанае не адразу: падчас перавозкі чыгункай адбылося «нязначнае дакрананьне» ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуха корпуса рэактара. Гаворкі пра замену корпуса другі раз пакуль ня йдзе.

На будаўніцтве БелАЭС было афіцыйна прызнана 11 няшчасных выпадкаў, тры зь іх скончыліся сьмерцю. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў гэтыя лічбы «прымальнымі».

Літва занепакоеная тым, што Беларусь працягне небясьпечнае разьвіцьцё АЭС у 50 км ад Вільні без выкананьня міжнародных патрабаваньняў бясьпекі. Паўночная суседка прызначыла спэцыяльнага амбасадара ў пытаньнях Беларускай АЭС «дзеля каардынацыі дзеяньняў у міжнародным маштабе ў пытаньнях праекту БелАЭС».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG