Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героі рэпартажаў Радыё Свабода прэтэндуюць на званьне «Чалавек году 2016» у Магілёве


Галіна Турандзіна на курсах «Мова нанова» ў Магілёве ў верасьні 2016 году
Галіна Турандзіна на курсах «Мова нанова» ў Магілёве ў верасьні 2016 году

Героі свабодаўскіх рэпартажаў Алег Дзьячкоў, Галіна Турандзіна ды Ганна Самойленка прэтэндуюць на званьне «Чалавек году 2016» у шорт-лісьце магілёўскай суполкі «Грамадзкі магістрат». Прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі суполкаўцы разам з запрошанымі экспэртамі вызначаюць аналізуючы публікацыі ў 21 сродку масавай інфармацыі. Імя пераможцы «Грамадзкі магістрат» агучыць 28 студзеня ў гадавіну наданьня гораду Магдэбурскага права.

Алег Дзьячкоў — старшыня магілёўскай суполкі «Таварыства беларускай мовы». Паводле экспэртаў «Грамадзкага магістрату», актывіст сваёй чыннасьцю папулярызуе беларускую культуру. Ён ініцыятар шэрагу публічных імпрэзаў. Сярод іх распаўсюд улётак пра вядомых беларускіх дзеячаў.

Алег Дзьячкоў
Алег Дзьячкоў

Галіна Турандзіна ды Ганна Самойленка дамагліся для сваіх дачок адкрыцьця беларускамоўнай клясы. Тацяна Турандзіна і Эвэліна Самойленка вучацца ў 34 магілёўскай школе ў адной клясе. Ім кампаніі ахвотных вучыцца па-беларуску не знайшлося.

Тацяна Турандзіна (справа) і Эвэліна Самойленка (зьлева) са сваёй настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай 1 верасьня 2016 году
Тацяна Турандзіна (справа) і Эвэліна Самойленка (зьлева) са сваёй настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай 1 верасьня 2016 году

Пра асноўную падзею, якая прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Падзея году 2016 году», рэканструкцыю моста цераз Дняпро Свабода таксама пісала. У выніку рэканструкцыі мост пазбавіўся савецкай атрыбутыкі, на ім былі ўсталяваныя выявы ільвоў, якія паводле экспэртаў «Грамадзкага магістрату» сталі сымбалем гораду. Акрамя таго, у падземным пераходзе, які праклалі падчас рамонту моста, была выстаўленая экспазыцыя пра гістарычнае мінулае і сучаснае Магілёва. У афармленьні моста беларуская мова прысутнічае толькі на невялікай шыльдзе са зьвесткамі пра рэканструкцыю.

«Грамадзкі магістрат» лічыць, што ў выніку рэканструкцыі моста мясьціна вакол яго стала для гораду адной з адметных і папулярнай для жыхароў. На думку суполкаўцаў вартыя ўганараваньня мостабудаўнікі і арганізацыя, якая праектавала рэканструкцыю транспартнай разьвязкі.

«Грамадзкі магістрат», утварылі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, навуковай супольнасьці ды журналісты. «Чалавека году» і «Падзею году» суполкаўцы вызначаюць ад 2012 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG