Базаваны ў Нью-Ёрку Камітэт у абарону журналістаў (CPJ) заклікаў улады Беларусі «безумоўна» вызваліць блогера Аляксандра Лапшына, чыей выдачы дамагаецца Азэрбайджан.
Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы.
Азэрбайджан дамагаецца выдачы Лапшына з той прычыны, што ён неаднаразова без узгадненьня з уладамі гэтай краіны бываў у Нагорным Карабаху — а з пункту гледжаньня Баку гэта тэрыторыя, акупаваная Армэніяй.
Паводле Генпракуратуры Азэрбайджану, у Баку Аляксандра Лапшына чакаюць абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і ў парушэньні дзяржаўнай мяжы. У Генпракуратуры Азэрбайджану кажуць, што выслалі ў Менск дакумэнты на экстрадыцыю Аляксандра Лапшына, але ў пракуратуры Беларусі яшчэ 9 студзеня адказвалі, што «такіх дакумэнтаў не атрымлівалі».
Вядома, што Аляксандар Лапшын спрабаваў зьвярнуцца па дапамогу ў консульскія службы амбасадаў Расеі і Ізраілю ў Беларусі. Сяброўка Лапшына Кацярына сьцьвярджае, што, паводле яе зьвестак, гэтыя звароты да адрасатаў не дайшлі.