Як паведамляе выданьне Тageszeitung, будуць пабудаваныя цэнтры адкрытага і закрытага тыпу, разьлічаныя на 30-50 месцаў кожны. У іх, акрамя іншага, будзе аказвацца псыхалягічная і мэдычная дапамога. Аўтар выданьня зьвязвае рашэньне эўрапейскіх уладаў зь вялікай колькасьцю ўцекачоў з Чачні, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ праз беларуска-польскую мяжу.
У жніўні 2016 году сотні чачэнцаў разьбілі лягер у Берасьці з патрабаваньнем візыту польскага генконсула. Некалькі тысяч чачэнцаў спрабавалі выехаць зь Беларусі ў Эўразьвяз, каб атрымаць прытулак. Некаторыя зь іх расказвалі пра ўціск з боку чачэнскіх уладаў.