Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы сэктар» абвяргае сувязь з затрыманымі ў Берасьці: «Правакацыя з боку беларускіх уладаў»


Паводле Берасьцейскага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) 11 студзеня ў Берасьці была затрыманая група з трох кантрабандыстаў, якіх праваахоўнікі назвалі прыхільнікамі «Правага сэктару», а таксама паганскага руху «Славянскае адраджэньне» і руху «Белы фронт».

Акрамя кантрабанды і захоўваньня зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, трох жыхароў Берасьця 1988 і 1990 году нараджэньня абвінавачваюць у абарачэньні наркотыкаў. Супраць іх заведзеныя крымінальныя справы паводле адпаведных артыкулаў. Супрацоўнікі ГУБАЗіК мяркуюць, што зброя была ўвезеная на тэрыторыю Беларусі з Украіны праз дзяржаўную мяжу.

Паводле начальніка аддзелу 6-га ўпраўленьня ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці Аляксандра Лаўруковіча, адзін з затрыманых «сьведчыў пра свой удзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне» і «вёў перапіску з байцамі „Правага сэктару“», але пазьней праваахоўнікі высьветлілі, што сам ён не ваяваў.

«Словы пра кантрабанду зброі прыхільнікамі «Правага сэктару» выглядаюць як правакацыя з боку беларускіх уладаў. Па-першае, у нас ня так шмат зброі, каб вывозіць яе з фронту. Па-другое, прысутнічае даволі жорсткая дысцыпліна. Такая сытуацыя вельмі малаверагодная», — заявіў прэс-сакратар «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі ў інтэрвію карэспандэнтцы Свабоды.

Арцём Скарападзкі
Арцём Скарападзкі

«Сумесь прарасейскіх нацыяналістычных рухаў і „Правага сэктару“, якую прыпісваюць затрыманым, — гэта нейкая палітычная шызафрэнія. Бо рухі цалкам супрацьлеглыя і ідэалягічна супярэчаць адзін аднаму», — дадаў Скарападзкі.

***

ГУБАЗіК называе затрыманых «экстрэмісцкай групоўкай», спасылаючыся на прыхільнасьць затрыманых да «Правага сэктару», «Славянскага адраджэньня» і «Белага фронту». Але арганізацыі не прызнаваліся ў Беларусі экстрэмісцкімі (прынамсі, публічна). Ніводная з груповак не названая ў сьпісе арганізацыяў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, што публікуе КДБ Беларусі. Няма нічога, зьвязанага зь імі, і ў сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, што публікуе Мінінфарм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG