Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Рагнеды да Касьцюшкі, — новая кніга Ўладзімера Арлова


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

На сайце блогера і арганізатара курсаў «Мова нанова» Глеба Лабадзенкі распачалася падпіска на новую кнігу Ўладзімера Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».

Праца над кнігай вялася амаль чатыры гады. Кніга будзе мець дзьве часткі, кожная зь якіх багата аздобленая малюнкамі беларускага мастака Паўла Татарнікава.

«Нездарма на вокладцы пазначаныя два прозьвішчы аўтараў — Арлоў і Татарнікаў. Павал Татарнікаў — ня проста мастак-афармляльнік, ён сапраўды суаўтар кнігі. Дзякуючы Паўлу, бліскучыя тэксты Ўладзімера Арлова ўвасобленыя ў маляўнічых выявах. Калі Татарнікаў малюе гістарычныя гарады, то ён пераглядае дзясяткі гравюр і выяў. Увогуле ягоныя малюнкі можна разглядаць з лупай, вывучаючы дасьпехі рыцараў і ўборы тагачасных жанчын», — расказаў Свабодзе Глеб Лабадзенка.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Калі параўноўваць зь іншымі кнігамі Арлова, то можна сказаць, што гэта — «Краіна Беларусь» для дзяцей і падлеткаў.

«„Краіна Беларусь“ была праілюстраваная фатаздымкамі, і аўтар пісаў яе з разьлікам на дарослага падрыхтаванага чытача. Уладзімер Арлоў сам задаваўся пытаньнем, што рабіць са школьнікамі, бо школьнага курсу гісторыі недастаткова, каб выгадаваць беларуса. Падобныя пытаньні гучаць і на курсах „Мова нанова“. Кніга „Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі“ — гэта варыянт, які возьме падлетка ў палон космасу беларускай гісторыі», — сказаў Глеб Лабадзенка пра новую кнігу Ўладзімера Арлова.

Ён таксама паведаміў, што першая яе прэзэнтацыя пройдзе падчас адных з заняткаў «Мова нанова»:

«Мы прысьвецім цэлыя заняткі гэтай кнізе, запросім аўтараў. Уладзімер Арлоў ужо бываў госьцем у нас, і заўсёды нашы студэнты сустракаюць яго авацыямі. Бясспрэчна, што Ўладзімер Арлоў — гэта зорка, і як пісьменьнік, і як гісторык, і як чалавек. Нашы студэнты бязьмежна яго любяць».

Першая частка ўжо знаходзіцца ў друку. Пасьля яна будзе распаўсюджвацца праз кнігарні. Тыя, хто аформіць падпіску, змогуць гарантавана атрымаць выданьне ўжо ў канцы студзеня.

Другая частка будзе ахопліваць гісторыю Беларусі ад 1795 году да абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG