Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакруціць шар, каб зарадзіць тэлефон. За што беларусу далі на Kickstarter 70 тысяч эўра


19-гадовы беларус сабраў на Kickstarter € 71 333
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00

У лістападзе-сьнежні 2016 году на Kickstarter прайшоў пасьпяховы збор грошай на праект HandEnergy: генэратар у форме шара, які дазваляе зарадзіць тэлефон, плэер ці іншую прыладу. Каб шар набраў энэргію, яго трэба проста пакруціць у руцэ. На праект сабрана 71 333 эўра пры неабходных 50 тысячах.

HandEnergy стварыў 19-гадовы Міхаіл Вага родам з Гомелю.

Ён распавядае Свабодзе, што для поўнай зарадкі смартфона зь сярэдняй батарэяй у 2000 мАг, які зараджаецца ад разэткі 2 гадзіны, давядзецца круціць HandEnergy каля 2 гадзін 24 хвілін (калі адначасова круціць шар і зараджаць тэлефон, час зарадкі павялічваецца на 30%).

Ды наўрад ці сцэнар поўнай зарадкі асноўны: ёмістасьць батарэі ў HandEnergy — 1000 мАг, так што прылада хутчэй падыдзе для доўгіх паездак ці экстраных выпадкаў.

Міхаіл Вага
Міхаіл Вага

Ідэя выкарыстоўваць энэргію руху чалавека для падзарадкі прыладаў ня новая: яшчэ ў час Першай усясьветнай вайны выкарыстоўваліся дынама-ліхтарыкі. І сёньня можна набыць ліхтарык, у якім трэба панаціскаць на рычажок, каб падзарадзіць ягоны акумулятар. Праз інтэрнэт нават можна набыць «рычажныя» зараднікі для тэлефонаў.

Ды нельга сказаць, каб такія прылады былі шырока распаўсюджаныя. Чаму так?

«Тая тэхналёгія даволі слабенькая для зарадкі мабільных прыладаў, — тлумачыць Міхаіл. — Гэта нязручна: у вас проста адваліцца рука пастаянна націскаць. Тым больш цягліцы будуць стамляцца, а спыняцца нельга.

А HandEnergy, наадварот, эфэктыўная і магутная прылада, зручная ў выкарыстаньні. Калі я быў на выставе ў Сколкаве (інавацыйны цэнтар у Расеі. — РС), я круціў HandEnergy ад усходу да захаду».

У адрозьненьне ад «рычажковых» зарадных прыладаў, у HandEnergy энэргію на статар перадае магнітны ротар. Пры нясьпешным кручэньні шара рукой гэты ротар робіць каля 5000 абаротаў за хвіліну. На выхадзе — 5 В, 1 А. Праўда, калі кітайскія «рычажковыя» зараднікі каштуюць пару даляраў, HandEnergy будзе каштаваць каля 100 эўра.

Два гады таму Міхаіл ужо спрабаваў сабраць грошы на HandEnergy празь іншую краўдфандынгавую плятформу, Indiegogo. Але тады ахвяравалі менш за тысячу даляраў, праект не заўважылі СМІ. На гэты раз справы пайшлі лепей: прататыпу арганізавалі «тур па Эўропе», кадры якога дэманструюць на прома-відэа, пра HandEnergy напісалі Yahoo News, Mashable і многія іншыя.

«Сама ідэя зьявілася яшчэ ў школе, — кажа Міхаіл. — Але шчыльна ўзяўся за рэалізацыю на першым курсе ўнівэрсытэту. Менавіта тады я асэнсаваў, што трэба займацца гэтай ідэяй і што ў яе ёсьць будучыня. Але потым, пасьля няўдалай кампаніі на Indiegogo, я закінуў праект месяцаў на восем. Зноў пачаў актыўна займацца ім у лютым 2016 году, займаюся дагэтуль».

Вынаходнік кажа, што большую частку працы рабіў сам: канструяваньне, маркетынг, дызайн. Але адзначае, што ва ўсіх сфэрах яму дапамагалі: адзін у маркетынгу і вядзеньні сацсетак, другі ў здымках відэа, трэцяя ў рэжысуры відэа, чацьвёрты ў фатаздымках, пяты ў напісаньні тэкстаў па-ангельску, шостая ў дызайне...

Цяпер ёсьць каманда праекту, якая працуе з разьліку на масавую вытворчасьць HandEnergy.

Сабраных на Kickstarter дзясяткаў тысяч эўра хопіць толькі на тэставую партыю прыладаў — «і тое ня факт», дадае Міхаіл. На масавую вытворчасьць спатрэбяцца большыя інвэстыцыі.

Міхаіл ня мае плянаў эміграваць на Захад:

«Я жыву ў Беларусі і пакуль тут зьбіраюся застацца. І мы хочам зрабіць маленькі заводзік у Беларусі!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG