Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: у расейскіх спэцслужбаў можа быць кампрамат на Трампа


Дональд Трамп
Дональд Трамп

У справаздачы аб расейскіх кібэратаках у ЗША, пададзенай на мінулым тыдні прэзыдэнту Абаму і абранаму прэзыдэнту Трампу, зьмяшчаецца інфармацыя са спасылкай на крыніцы ў расейскіх выведслужбах пра тое, што ў іх маецца фінансавая і асабістая інфармацыя, якая кампрамэтуе Дональда Трампа. Пра гэта паведамляе тэлекампанія CNN.

Паводле неназваных крыніц CNN у амэрыканскім урадзе, інфармацыю пра нібыта наяўнасьць у Расеі кампрамату на Трампа перадаў ЗША былы брытанскі выведнік, якога амэрыканцы лічаць у цэлым вартым даверу. Брытанец, цяпер бізнэсмэн, у сваю чаргу атрымаў зьвесткі ад сваіх кантактаў у Расеі. ФБР працягвае правяраць дакладнасьць зьвестак і пакуль не пацьвярджае іх. Сам брытанец у якасьці кіраўніка прыватнай вышукнай кампаніі займаўся зборам інфармацыі пра Дональда Трампа на замову ягоных амэрыканскіх апанэнтаў: спачатку ягоных супернікаў у барацьбе за намінацыю рэспубліканцаў, а пасьля таго, як партыя вылучыла яго сваім кандыдатам, — фінансавых донараў Гілары Клінтан.

Кіраўнікі амэрыканскіх выведных устаноў палічылі неабходным давесьці да Трампа гэтыя неправераныя зьвесткі, каб ён ведаў, якога роду інфармацыя цыркулюе пра яго ў выведніцкай супольнасьці і сярод найвышэйшага эшалёну заканадаўчай і выканаўчай улады ў краіне.

Пацьверджаньне звестак будзе азначаць, што Расея сабрала кампрамат і на Гілары Клінтан, і на Дональда Трампа, але перад выбарамі выкарыстоўвала яе толькі супраць кандыдаткі Дэмакратычнай партыі, каб падыграць ейнаму суперніку. У дадатку да закрытай справаздачы таксама зьмяшчаецца здагадка амэрыканскай выведкі, што падчас выбарчае кампаніі адбываўся абмен інфармацыяй паміж людзьмі Трампа і даверанымі асобамі расейскага ўраду.

Дональд Трамп ў твітэры назваў паведамленьні "паляваньнем на ведзьмаў" і "фальшывымі навінамі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG