Літва прызначыла спэцыяльнага амбасадара ў пытаньнях Беларускай АЭС.
Ім стаў Дарус Дзягуціс, які раней быў амбасадарам Літвы ў Польшчы і Ізраілі, а да таго працаваў у дыпляматычных прадстаўніцтвах краіны ў Даніі і ЗША. Дзягуціс узнагароджаны ордэнам «За заслугі перад Літвой».
Пасада створаная «дзеля каардынацыі дзеяньняў у міжнародным маштабе ў пытаньнях праекту БелАЭС». Літва занепакоеная тым, што Беларусь працягне небясьпечнае разьвіцьцё АЭС, што знаходзіцца за 50 км ад Вільні. Калі праект і далей будзе рэалізоўвацца без выкананьня міжнародных патрабаваньняў бясьпекі, то ён будзе ўяўляць пагрозу для бясьпекі ўсяго рэгіёну, сьцьвярджае Літва.
Дзягуціс, як заяўляе МЗС Літвы, будзе прапаноўваць сфармаваную пазыцыю Літвы па БелАЭС, зьвязаную з ядзернай бясьпекай, абаронай навакольнага асяродзьдзя, будзе таксама сачыць за сытуацыяй у нацыянальным, рэгіянальным, міжнародным маштабе; далучыцца да каардынацыі дзеяньняў паміж літоўскімі ведамствамі, будзе дзяліцца зьвесткамі пра сытуацыю з усімі краінамі, адказнымі за радыяцыйную бясьпеку, з урадавымі і няўрадавымі арганізацыямі.
У час будаўніцтва БелАЭС ужо здараўся шэраг надзвычайных выпадкаў. Адзін раз корпус рэактара ўпаў зь невядомай вышыні, што беларускі бок прызнаў толькі пасьля асьвятленьня ў СМІ і міжнароднага ціску. Корпус пагадзіліся замяніць, але «Росатом» дапускае выкарыстаньне пашкоджанага корпусу на іншых праектах. З новым корпусам таксама адбылося здарэньне, прызнанае не адразу: падчас перавозкі чыгункай адбылося «нязначнае дакрананьне» ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуха корпуса рэактара. Гаворкі пра замену корпуса другі раз пакуль ня йдзе.
На будаўніцтве БелАЭС было афіцыйна прызнана 11 няшчасных выпадкаў, тры зь іх скончыліся сьмерцю. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў гэтыя лічбы «прымальнымі».
Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе.
Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энергаблёку Беларускай АЭС мае адбыцца ў 2019 годзе. Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС з прычыны нізкіх заробкаў.