Стралец - Георгі Ліхтаровіч, фатограф, паэт
Год прайшоў, але не сумаваць
Знойдзецца пад Новы год прычына —
Ёсьць нагода зноў павіншаваць
Бога-бацьку з нараджэньнем Сына.
Задыякальны санэт
Для кожнага стварэньня зорны знак
З вышынь нябёс паказвае дарогі,
Каб аніхто ня зьбіў дарэмна ногі
І не набіў у цемрадзі гузак.
Спакон вякоў віруе Задыяк:
Цяльцы, Блізьняты, Шалі, Казярогі
Пракладваюць гасьцінцы праз аблогі,
Лагодзяць лёс. А нам усё няўзнак,
Ня чуем і ня бачым засьцярогі —
Мастак марнуе талент за мядзяк,
За срэбранік — сумленьне юда ўбогі...
А я не зразумею аніяк,
Ці можна весьці з Богам дыялёгі?
Куды ж ты цэліш, мой Стралец-дзівак?!
* * *
Нехта цень наводзіць на пляцень,
Ды пакуль жыву на той плянэце,
Для мяне два Сьвяты ёсьць на сьвеце:
Гэта Новы год і Кожны дзень!..
* * *
Штогод, напэўна, лёс лісьліва лашчым —
І ад зычэньняў можна звар’яцець:
Віншуем з Новым годам, з новым шчасьцем,
Ня ведаючы, дзе ж старое дзець?!
* * *
Што для Творцы мае тары-бары,
Ды няўмела, цішком, пакрысе
Я прашу, каб зьдзяйсняліся мары,
Але толькі, крый Божа, ня ўсе.