Баран (Авен) — Алег Хаменка, лідэр фольк-гурту «Палац»
У школу мяне бацькі не пусьцілі, бо па «спраўке» я лічыўся яшчэ хворым... а на вуліцу — калі ласка. І гэта было напярэдадні Новага году. Дзень, абсалютна пусты двор, між шэрымі пяцівярховікамі нікога няма, сьлізка, мокра, вецер... І раптам, упершыню ў жыцьці, я ўбачыў са сьпіны чалавека ў чырвоным сьвяточным футры. У садок да школы я не хадзіў — там не было месцаў, і ўвогуле «дзеда-мароза» бачыў толькі ў «мультах» і папяровага — пад елкай. А тут — жывы, ідзе па сваіх справах, і ўсё — ён сыходзіць... а ў ягоны твар я так і не паглядзеў! І чаму я ня мог падбегчы ззаду і крыкнуць — ня ведаю. Я пабег з усёй моцы, каб забегчы наперад і павітацца. Добра памятаю, як вельмі хутка стаміўся — дыхаць было цяжка... выскачыў навыперадкі — а яго няма — зьнік дзіўным чынам на рагу дому каля апошняга пад’езду. Шкада, крыўдна — надзвычайна, ну як гэдак — вось толькі я бачыў яго тут за дрэвамі! Містыка.
Дзеда Мароза гэтага я не знайшоў — чалавека нейкага зь мяшком бачыў, але той дакладна быў ня ён.
Бараны ўпартыя, свайго дасягнуць, а вось ці трэба ўсё гэта ім — іншае пытаньне.