Вадаліў - Андрэй Хадановіч, паэт, перакладнік
Кажуць, прадказаньні — рэч няўдзячная,
пагатоў у вечар на Каляды...
Дармаедам ежа будзе смачная,
невукі пашыраць далягляды.
Шмат шчасьлівых зробяцца багатымі,
шмат багатых зробяцца шчасьлівымі.
Вадалівам — сябраваць з Блізьнятамі,
Рыбам — не сварыцца з Вадалівамі.
Панна — у грамадзтве запануе,
скорыць кансэрватараў-байцоў.
Рáку лепей абмінуць піўную.
Фэстываль адбудзецца ў Стральцоў.
Ворага свабоднае краіны
будуць мучыць сны пра Беларусь,
а крывіч адкажа, як павінны,
нечаканай рыфмай «ганарусь».
Гáдам стане сорамна, што гáды.
Зь лібэралам вып’е патрыёт.
На Каляды — здарацца Каляды!
Новы год — настане ў Новы год!