Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ўзяў паўзу, але гэта яшчэ не дэмарш», — экпэрт пра непадпісаньне Беларусьсю новага Мытнага кодэксу ЭАЭС


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Кіраўнікі чатырох краінаў ЭАЭС 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэксу. У цырымоніі ўзялі ўдзел лідэры: Расеі — Уладзімір Пуцін, Казахстану — Нурсултан Назарбаеў, Кіргізстану — Алмазбэк Атамбаеў і Армэніі — Серж Саргсян. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не прыехаў на саміт зь невядомых прычын.

Беларускі бок папярэдзіў пра адсутнасьць Лукашэнкі на мерапрыемстве, пра гэта журналістам паведаміў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

«Я думаю, нам некарэктна было б гаварыць аб прычынах, усё ж гэта павінна рабіць прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі», — падкрэсьліў Пяскоў. Ён дадаў, што «ўсе дакумэнты былі цалкам узгодненыя раней, падчас калегіі з беларускімі партнэрамі, і будуць накіраваныя ў Менск, каб Аляксандар Рыгоравіч змог іх там падпісаць».

— Лукашэнка прыняў правільнае рашэньне, не паехаўшы на падпісаньне дамовы, бо сама дамова ЭАЭС — дэфэктыўная і супярэчыць эканамічным і палітычным інтарэсам Беларусі, — лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле экспэрта, кіраўнік краіны «ўзяў паўзу, спаслаўшыся на нефармальны характар саміту».

— У кантэксьце актуальных праблемаў у стасунках Расеі і Беларусі гэты крок дае надзею на тое, што афіцыйны Менск пачне больш сур’ёзна ставіцца да ўзаемадачыненьняў паміж дзьвюма краінамі. Беларусь пачынае разглядаць варыянты дывэрсыфікацыі замежнай палітыкі і такім чынам дэманструе Расеі, што не зьяўляецца проста яе сыравінным прыдаткам і спажыўцом ільготаў, — сказаў Раманчук.

— Беларускія ўлады разумеюць, ЭАЭС — гэта тая форма інтэграцыі, пры якой прасоўваюцца інтарэсы аднаго «вялікага брата», а эканамічныя патрэбы меншых удзельнікаў зьвязу ігнаруюцца. Праўда, Лукашэнка разумее: пад дакумэнтам аб утварэньні ЭАЭС стаіць ягоны ж подпіс, і ў гэтым праблема. Цяпер ён узяў паўзу, але гэта яшчэ нельга назваць дэмаршам, — сказаў экспэрт.

На спэцыяльнай нарадзе 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцьці Мытнага кодэксу ЭАЭС. Ён адзначыў неабходнасьць «даць аб’ектыўную ацэнку праекту, узважыць усе „за“ і „супраць“, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі».

Нагадаем, у 2010 годзе беларускі кіраўнік падпісаў Мытны кодэкс Мытнага зьвязу са спазьненьнем на 5 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG