Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем да Ізраіля «неадкладна і цалкам спыніць будаўніцтва габрэйскіх паселішчаў на акупаваных палестынскіх тэрыторыях, уключна з Усходнім Ерусалімам».
«Ізраіль абвяргае гэтую ганебную антыізраільскі рэзалюцыю ААН і ня будзе выконваць яе патрабаваньні», — гаворыцца ў камэнтары офісу прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу, паведамляе BBC.
Раней ЗША заўсёды накладалі вета на падобныя рэзалюцыі.
«Адміністрацыя Абамы ня толькі не змагла абараніць Ізраіль ад гэтай змовы ў ААН, але і закулісна ўступіла ў яе», — перакананы ізраільскі прэмʼер.
У сваю чаргу Дональд Трамп напісаў на сваёй старонцы ў «Твітэры»:
«Што тычыцца ААН, то пасьля 20 студзеня ўсе будзе па-іншаму».
20 студзеня Трамп уступіць на пасаду прэзыдэнта ЗША. Раней ён неаднойчы рабіў заявы ў падтрымку Ізраіля, выступаў з заклікам да сёньняшняй адміністрацыі ЗША накласьці вета на рэзалюцыю.
Габрэйскія паселішчы — адна з асноўных падстаў для пастаяннага канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі.
Каля 500 000 габрэяў жывуць у 140 паселішчах, пабудаваных пасьля ізраільскай акупацыі 1967 года Заходняга берага ракі Ярдан і Ўсходняга Ерусаліма.
Паселішчы лічацца незаконнымі ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права, хоць Ізраіль аспрэчвае гэта.