Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім МЗС словы Рашэтнікава пра Беларусь «выклікалі зьдзіўленьне»


Леанід Рашэтнікаў
Леанід Рашэтнікаў

Статс-сакратар — намесьнік міністра замежных спраў Расеі Грыгоры Карасін заявіў карэспандэнту ТАСС, што выказваньні дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леаніда Рашэтнікава пра гісторыю расейска-беларускіх адносін выклікаюць у яго зьдзіўленьне.

«Што тычыцца канкрэтнай заявы Леаніда Рашэтнікава, пра якую ідзе гаворка, яна ў мяне выклікала зьдзіўленьне», — сказаў Грыгоры Карасін.

Рашэтнікаў заявіў, што ў Беларусі «ўсё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнару». Што да беларускай мовы, то, спаслаўшыся на газэту «Правда» 1926 году, Рашэтнікаў заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК ВКП (б).

«22 сьнежня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі быў выкліканы дарадца-пасланец амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў. У часе сустрэчы ў МЗС расейскаму дыплямату быў заяўлены пратэст у сувязі з выказваньнямі дырэктара Фэдэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы „Расейскі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў“ Леаніда Рашэтнікава на адрас Беларусі і пра беларускую мову», — паведамляецца на сайце беларускай амбасады ў Расеі.

Празь некалькі гадзін пасьля дэмаршу афіцыйнага Менску расейскі МЗС паведаміў аб тэлефоннай размове міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова зь беларускім міністрам Уладзімірам Макеем.

23 сьнежня 2016 году ў Маскве адбылася сустрэча амбасадара Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі Ігара Петрышэнкі са статс-сакратаром — намесьнікам міністра замежных справаў РФ Грыгорыем Карасіным.

У камэнтары для БелаПАН Рашэтнікаў заявіў, што не чакаў такога рэзанансу. «Інтэрвію было прысьвечана наогул не Беларусі, там было адно пытаньне па Беларусі. Увогуле, я ня думаў, што на гэта так адрэагуюць, — сказаў ён. — Як можа пратэставаць МЗС па пытаньнях, якія патрабуюць навуковай дыскусіі? На што пратэстуеце? За беларускую мову вы мяне крытыкуеце? Але ёсьць такі дакумэнт, вось яго і крытыкуйце і тлумачце, калі вас гэта не задавальняе. Трэба ж з пастановай змагацца, а не са мной».

Леанід Рашэтнікаў таксама адзначыў: «Ніхто ня супраць незалежнасьці, але карані ж у нас адны. За гэта трэба было трымацца. А ў Беларусі мы заўважаем, асабліва ў гістарычнай і гуманітарнай галінах, спробы сказаць: „Ды не, мы асобныя, мы заўсёды былі асобна“. Навошта гэта? Што гэта дае? Толькі спрыяе ўзьнікненьню спачатку халадка, потым нелюбові, а потым і варожасьці. Гэта ня можа не насьцярожваць. Бываюць і заявы афіцыйных асоб, якія таксама выклікаюць пытаньні».

Паводле Рашэтнікава, гадоў пяць-сем таму «такія выпадкі былі немагчымыя». «Усе казалі зусім іншае. І прэзыдэнт ваш казаў гадоў дзесяць таму аб агульных каранях, што мы адзіны народ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG