Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад настойкі глогу ў Іркуцку памерлі ужо 33 чалавекі. У горадзе ўведзены рэжым надзвычайнай сытуацыі


Улады забаранілі продаж усіх вадкасьцяў з утрыманьнем сьпірту. Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Іркуцкай вобласьці.

«У бальніцах памерлі 20 чалавек, яшчэ 10 памерлі дома. Цяпер пад наглядам лекараў застаюцца 15 чалавек, большасьць у цяжкім стане», — паведаміла раней прэс-сакратарка рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя Тацяна Лебедзева.

Падпольны цэх разьліву сьпіртавога сродку для прыняцьця ваннаў паліцыя выявіла ў адным з Іркуцкіх садовых таварыстваў у горадзе:

«У цэху на тэрыторыі садаводзтва ў Ленінскім раёне была выяўленая ня толькі вадкасьць „Глог“, але і кантрафактная алькагольная прадукцыя марак „Царскае паляваньне“, „Фінляндыя серабрыстая“ і іншыя», — паведаміў у панядзелак на пасяджэньні КНС у Іркуцку намесьнік начальніка гарадзкой УУС Герман Братчыкаў.

Улады Іркуцку ўвялі ў горадзе рэжым надзвычайнай сытуацыі і забаранілі продаж усіх тэхнічных вадкасьцяў з утрыманьнем сьпірту.

«Забарону мэтазгодна ўвесьці да высьвятленьня абставінаў ня толькі на продаж „Глогу“, але і на ўсе вадкасьці з утрыманьнем сьпірту», — сказаў мэр гораду Дзьмітрый Берднікаў. Віцэ-мэр Руслан Кім растлумачыў, што прадаваць вадкасьці з утрыманьнем сьпірту забаронена ня толькі ў прадуктовых, але і ў гаспадарчых крамах. «Да Новага году таксама мэтазгодна наладзіць штодзённы кантроль за якасьцю ўсёй алькагольнай прадукцыі, якая паступае нават у буйныя гандлёвыя сеткі гораду», — адзначыў Кім.

Раней у панядзелак кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў запатрабаваў выключыць «Глог» з розьнічнага продажу і ўзяць пад кантроль гандаль вадкасьцямі з утрыманьнем алькаголю.

Больш падрабязна пра сытуацыю ў Іркуцку чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG