Толькі пасьля дзьвюх гадзін ночы палітыкі з дапамогай паліцыі, якая выцесьніла пратэстуючых, змаглі выехаць за межы парлямэнту.
Лідэр партыі Яраслаў Качынскі таксама знаходзіўся ў будынку, яму ўдалося пакінуць месца падзей толькі раніцай 17 сьнежня, калі паліцыя разагнала маніфэстантаў з дапамогай слёзацечнага газу.
Пратэстоўцы засталіся каля будынка Сэйму і кажуць, што ня выпусьцяць дэпутатаў на Калядныя сьвяты.
Паводле словаў актывістаў, гэты пратэст пачаўся спантанна ў адказ на бурлівыя падзеі ў Сэйме.
У пятніцу каля парлямэнту праходзіў пратэст журналістаў недзяржаўных і апазыцыйных СМІ. Яны пратэставалі супраць намеру сьпікера Сэйму абмежаваць доступ журналістаў да тэрыторыі парлямэнту.
Пра сваю салідарнасьць з журналістамі заявіла і апазыцыя. Міхал Шчэрба, дэпутат партыі «Грамадзянская плятформа», выйшаў на парлямэнцкую трыбуну падчас абмеркаваньня пытаньня аб дзяржаўным бюджэце на 2017 год. Палітык разьмясьціў на трыбуне плякат з надпісам «Свободныя мэдыі ў Сэйме». У адказ на гэта сьпікер выключыў дэпутату мікрафон і пазбавіў яго права голасу, пасьля чаго абвясьціў перапынак у пасяджэньні Сэйму.
У перапынку дэпутаты трох апазыцыйных фракцый занялі трыбуну і прэзыдыюм Сэйму, заблякаваўшы тым самым працу парлямэнту. Такая падзея ў польскім Сэйме адбылася ўпершыню за апошнія 10 гадоў.
У той жа час партыя ўлады «Права і справядлівасьць» сабралася ў Калённай залі Сэйму, як паведамлялася, на пасяджэньне фракцыі, і пазьней абвясьціла, што атрымала кворум для правядзеньня пасяджэньняў без апазыцыі. У такім складзе «Права і справядлівасьць» прыняла бюджэт Польшчы на наступны год. Прагаласавалі дэпутаты таксама за закон аб памяншэньні пэнсіі асобам, якія працавалі ў сілавых структурах камуністычнай Польшчы. Апазыцыя заяўляе, што ў залі, дзе праходзіла галасаваньне, кворуму не было.
Апазыцыя працягвае блякаваць трыбуну парлямэнту.
Тым часам «Камітэт абароны дэмакратыі» сьцьвярджае, што ня спыніць сваіх пратэстаў, якія пройдуць у выхадныя ў розных гарадах Польшчы.