Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьмяншае ў 2,5 разы цану гадавой уязной візы для эўрапейцаў


У 2017 годзе Беларусь зьменшыць цану ўязной гадавой візы для грамадзян краін Шэнгенскай зоны. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў пасольствах Беларусі ў Вільні і Варшаве.

«Так, гэта праўда. Сёньня гадавая беларуская віза каштуе 150 эўра, неўзабаве яе цана зьменшыцца да 60 эўра. Цана аднаразовай візы мае застацца на тым жа ўзроўні — 25 эўра. Падрабязнасьці будуць пасьля Новага году», — распавяла супрацоўніца консульскага аддзела Пасольства Беларусі ў Польшчы.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі і ў пасольстве Беларусі ў Чэхіі — гадавая віза для грамадзянаў усіх краінаў ЭЗ будзе каштаваць 60 эўра. Цана аднаразовай візы застанецца тая самая — 60 эўра (выключэньне складаюць грамадзяне Польшчы, Літвы і Латвіі, для якіх такая віза каштуе 25 эўра).

Падчас Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства ў 2013 годзе тагачасныя прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Герман Ван Ромпэй і прэзыдэнт Эўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу заявілі, што Беларусь пачынае перамовы аб падпісаньні дамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам. У сьнежні мінулага году дырэктар Дэпартамэнта Расеі, Усходняга партнэрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд паведаміў, што тэксты пагаднентняў пра спрашчэнтне візавага рэжыму і пра рэадмісію паміж Беларуссю і ЭЗ гатовыя да парафіраваньня і падпісаньня.

28 лістапада ў эфіры аднаго зь дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын распавяла, што адбылося паседжаньне каардынацыйнай групы, на якім ўздымалася пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму. Бакі дамовіліся аб сустрэчы экспэртаў, якія абмяркуюць шэраг тэхнічных пытаньняў, якія затрымліваюць падпісаньне пагадненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG