16 сьнежня ў сталічным Моладзевым тэатры эстрады выступіць адзін з самых загадкавых калектываў Беларусі — этна-трыё «Троіца». Публіцы будзе паказаны «Зімовы канцэрт». Прагучаць новыя песьні, а таксама стартуе кампанія збору сродкаў на новы альбом.
А ўжо на наступны дзень заснавальніка гурту Івана Кірчука чакаюць у Полацку, дзе адбудзецца прэм’ера монаскпэктаклю «Дарожка мая...». Гэта ўнікальная аўтарская праграма, якая цалкам грунтуецца на матэрыялах аўтэнтычнай культуры.
Як кажа пра спэктакль сам спадар Кірчук, гэта сынтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры, якую ён паспрабаваў сыстэматызаваць за 30 гадоў актыўнай творчай дзейнасьці.
Праз уласны досьвед аўтар паспрабуе данесьці першародны фальклор, яго багацьце і глыбіню. Прагучаць блізу двух дзясяткаў народных песень, пачутых і запісаных падчас фальклорна-этнаграфічных экспэдыцый, распачатых у 1980-х і збольшага завершаных напачатку нулявых.
Гледачам пашчасьціць, магчыма ўпершыню, пабачыць і пачуць унікальныя струнныя, ударныя і духавыя інструмэнты: смык, ліру, дудкі, жалейкі, акарыны, нават касьцельны звон. Будуць задзейнічаныя такія нязвыклыя інструмэнты як падковы, чыгункі, камяні і капыткі козаў.
Асноўная ідэя монаспэктаклю — паказаць трансфармацыю чалавека ад нараджэньня да сьмерці: тэатралізаваная рэканструкцыя каляндарнага шляху праз старадаўнія абрады і сьвяты, рытуалы ўсхваленьня Вады, Агню, Зямлі. Каб урэшце аддзячыць сваім Продкам.
Рэпэтыцыі па-за кальцавой
Нягледзячы на вядомасьць і папулярнасьць па-за межамі краіны — на рахунку Кірчука і кампаніі больш за 100 фэстываляў вакол усяго зямнога шару — у Беларусі «Троіца» вымушаная ў літаральным сэнсе туліцца па кутах. Да прыкладу, толькі сёлета вырашылася пытаньне з рэпэтыцыйнай базай — і тое дапамагла не дзяржава, а спагадлівыя людзі. Цяпер новы матэрыял шліфуецца ў клюбе вёскі Шчомысьліца, за менскай кальцавой дарогай.
А ня так даўно Іван Кірчук быў вымушаны сысьці зь Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, аддаўшы любімай справе амаль што два дзясяткі гадоў:
«Адпрацаваў без малога 19 гадоў, сабраў вялікую колькасьць экспанатаў, інструмэнтаў, — згадваў у верасьнёўскім вялікім інтэрвію Свабодзе музыка. — І па тых прадметах, якія выкладаў — беларускія музычныя інструмэнты, этнамузыказнаўства, батлейка, апрацоўка народнага твора, пастаноўка голасу, практыкум па фальклёры, сцэнары сьвятаў, — кожныя 4-5 гадоў рыхтаваліся праграмы. Але зь цягам часу праграмы зьмяняліся, нейкія прадметы наагул выкрэсьліваліся, пакуль не дайшло да таго, што мне пакінулі 0,25 стаўкі. Маўляў, гадзінаў няма, студэнтаў набіраць ня будзем. Як Міністэрства адукацыі магло выкрэсьліваць праграмы, зьвязаныя з падрыхтоўкай адмыслоўцаў па фальклёры? Іх і так няма высокага ўзроўню!».
Балазе, доўга без працы не заставаўся, спадара Кірчука запрасілі ў Інстытут культуры Беларусі. Праўда, калі ў папярэднім выпадку меў пасаду дацэнта катэдры этналёгіі і фальклярыстыкі, то тут толькі старшы выкладчык. Затое знайшлося месца для этнічнай лябараторыі, што заняла адзін з інстытуцкіх пакояў.
Калегі Івана Кірчука па «Троіцы» — Юры Дзьмітрыеў і Юры Паўлоўскі. Дзьмітрыеў — былы студэнт Кірчука, мае адукацыю харэографа, танцаваў у ансамблі «Рэй». Вырас у беларускамоўнай сямʼі, яго бацька працаваў на розных пасадах у часопісе «Полымя». У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва Юры вучыўся гітарнаму майстэрству і цяпер выкладае гітару ў Істытуце сучасных ведаў. Паўлоўскі граў у гурце «Князь Мышкін», адкуль і атрымаў запрашэньне ў «Троіцу». Дапамагаў у стварэньні і выпуску кніг Івана Кірчука — «Аўтабаны і мэнэстрэлі» і «Гарыць сьвяча ля алтара...», «Беларускія народныя музычныя інструмэнты».