«Так, сустрэча ў Менску, у трохбаковым фармаце, з прысутнасьцю расейскага боку і з прысутнасьцю Захарчанкі і Платніцкага ад ДНР і ЛНР, адбылася. Яна была накіраваная на тое, каб узмацніць менскі фармат і зрабіць яго больш дзейсным. Я ўдзячная ўсім людзям, якія прыклалі да гэтага намаганьні, і хочуць, каб вынік нарэшце быў. Людзей трэба вызваляць, а вайну заканчваць», — заявіла Надзея Саўчанка сёньня журналістам.
Былая палітзьняволеная нагадала, што адразу пасьля вызваленьня з расейскай турмы абяцала змагацца за кожнага палоннага ўкраінца. «Я абяцала людзям, што буду змагацца, і буду размаўляць нават з чортам. Так, я сядзела за сталом перамоваў з людзьмі, з якімі мы стралялі адзін у аднаго. Але я ў іх чорта не пабачыла, а як бы пабачыла, то мы ні пра што не змаглі б дамовіцца. Калі мы хочам дамагчыся міру, нам трэба размаўляць», — падкрэсьліла народны депутат Украіны.
«Мы — кожны з нас, кожны ўкраінец — павінны зрабіць усё магчымае, каб забраць нашых герояў дадому, нават калі для гэтага давядзецца аддаваць тых, хто страляў у нас», — заявіла Надзея Саўчанка.
Пры гэтым народны дэпутат удакладніла, што ў сваёй дзейнасьці супрацоўнічае як са Службаю бясьпекі, гэтак і зь Міністэрствам замежных спраў Ўкраіны.
«Пятро Парашэнка — ня вораг украінцаў і ён, як і ўсе мы, хочам забраць усіх нашых хлопцаў палонных, хочам забраць ўсіх сваіх палітвязьняў з Расеі. Я ўпэўнена, што прэзыдэнт на сваім узроўні робіць усё магчымае, каб гэта адбылося найхутчэй», — падкрэсьліла Надзея Саўчанка.
Народны дэпутат Украіны дадала, што вынікі перамоваў у Менску былі выніковыя, але адмовілася іх ўдакладняць.
Як паведамлялі ўкраінскія СМІ, Саўчанка 7 сьнежня таемна наведала Менск, дзе сустрэлася з кіраўнікамі ДНР і ЛНР Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім.