8 лістапада ў менскім Прэс-клюбе адбылася прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.
Гэтая кніга — выбраныя выпускі адной з самых любімых радыёслухачамі перадачаў — «Падарожжы Свабоды».
Дырэктар беларускай службы Свабоды Аляксандар Лукашук прывітаў прысутных, нагадаўшы, што сёньня — 25 год, як спыніў існаваньне СССР:
«Сёньня роўна 25 год з дня падпісаньня Віскулёўскіх пагадненьняў. Пра нябожчыка кажуць альбо добрае, альбо нічога. Але вось Янка Брыль лічыў, што пра нябожчыка — альбо нічога, альбо праўду. Кніга, якую мы сёньня прадстаўляем, — гэта якраз праўда пра „нябожчыка“, пра СССР».
Аляксандар Лукашук адзначыў, што жанр, у якім піша Зьміцер Бартосік, — нобэлеўскі, і запрасіў прысутных паглядзець відэазварот нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч, якая сказала, што вельмі ўпадабала іранічны стыль Зьмітра Бартосіка і «рагатала, калі чытала артыкул пра сваю родную вёску».
Улетку 2001 году Зьміцер Бартосік разам зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым у вялікім падарожжы па Беларусі наезьдзілі 10 тысяч кілямэтраў. Уладзімер Арлоў расказаў пра затрыманьні міліцыянтамі, пра знаёмствы зь незвычайнымі беларусамі, пра курʼёзныя выпадкі, зьвязаныя з побытам у беларускіх гатэлях, — курʼёзныя сытуацыі, у якія яны траплялі разам з Бартосікам у падарожжы.
«Сёньня быў пастаўлены крыж на самай страшнай імпэрыі. З гэтай нагоды маладафронтаўцы сёньня павесілі на праспэкце 25 сьцягоў. Калі я глядзеў, як іх вешалі, і думаў пра сёньняшнюю прэзэнтацыю, я захацеў высьветліць, чым 25 год таму займаўся Зьміцер Бартосік. Аказалася, што ён тады зьбіраўся стаць студэнтам адной з ВНУ ў Ніжнім Ноўгарадзе. Але так атрымалася, што не паступіў і вярнуўся ў Беларусь, у Гомель, дзе жыла яго маці. Нямарна прайшлі 25 год, якія ён правёў у Беларусі. Улетку 2001 году мы разам наезьдзілі 10 тысяч кілямэтраў. Гэты былі неверагодныя прыгоды», — сказаў Уладзімер Арлоў.
Паміж выступамі гасьцей Зьміцер Бартосік зачытваў урыўкі са сваёй кнігі:
«У кнігу я ўключыў самыя драматычныя і страшныя гісторыі з тых, якія выходзілі ў цыклі „Падарожжы Свабоды“. Некаторыя зь іх сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця, і яны мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі», — сказаў Бартосік.
Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец адзначыў, што кнігу варта было б перакласьці на расейскую мову, але расеец-перакладчык павінен ставіцца да Беларусі як да «завершанай зьявы ў сучасным сьвеце», а не як да «недадзяржавы»:
«У гэтай кнігі ёсьць таемны падзагаловак — „што трэба ведаць кожнаму беларусу“. Таму што тут гісторыя Беларусі, пра якую кожны беларус альбо ня мае ніякага ўяўленьня, альбо мае абсалютна адваротнае ўяўленьне, узятае з афіцыйных крыніц. Але далёка ня кожны беларус возьмецца чытаць кнігу, калі яна па-беларуску. Таму выснова — гэтую кнігу трэба перакласьці на расейскую мову, таму можна будзе дастукацца да кожнага. І гэта вельмі цяжка, таму што, каб яе перакласьці на расейскую мову, трэба памяняць стаўленьне да Беларусі, трэба глядзець на яе як на сапраўдную нацыю, а не на „недадзяржаву“, як на завершаную зьяву ў сучасным сьвеце. Ці знойдзецца такі перакладчык — гэта пытаньне».
Прэзэнтацыя скончылася невялікім канцэртам Зьмітра Бартосіка.
Раней ужо адбыліся прэзэнтацыі кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў Берасьці, Гомелі і Магілёве.
Кніга Зьмітра Бартосіка ў фармаце PDF
Вячорка: Кніга Бартосіка — канцэнтрат беларускага космасу
Ракіцкі пра кнігу Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы»: Гэта сымфонія беларускага жыцьця
Зьміцер Бартосік прэзэнтуе ў Менску кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы»