Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна захоўвае вонкавыя прыярытэты: Эўразьвяз, NATO і, магчыма, Балта-Чарнаморская асамблея


Вярхоўная Рада Ўкраіны пачала распрацоўваць новы закон пра прынцыпы вонкавай палітыкі, згодна зь якім інтэграцыя ў Эўрапейскі Зьвяз і ўступленьне ў Паўночна-атлянтычны альянс застануцца прыярытэтнымі накірункамі ўкраінскай дзяржавы.

Але, як адзначалася сёньня ў часе парлямэнцкіх слуханьняў адносна новай зьнешнепалітычнай стратэгіі Ўкраіны, магчымым становіцца і Балта-Чарнаморскі праект.

Абмеркаваньне новых прынцыпаў вонкавай палітыкі Ўкраіны трывала больш як тры гадзіны, але за гэты час удзельнікі слуханьняў ніводнага разу не ўзгадалі пра Беларусь і магчымыя зьмены фармату стасункаў між Кіевам і Менскам. Менск узгадаваўся эпізадычна, калі гаворка ішла пра агрэсію Расеі ва Ўкраіне ды менскія перамовы ў пытаньнях разьвязаньня вайсковага канфлікту на Данбасе.

Менск ёсьць аналягам парыскай канфэрэнцыі 1919 году, у выніку якой зьнікла УНР.

«Менск ёсьць аналягам парыскай канфэрэнцыі 1919 году, у выніку якой зьнікла УНР. Менск ёсьць эквівалентам ялцінскіх ды будапэшцкіх угодаў. Менск ёсьць нашым пройгрышам, калі мы будзем браць у ім удзел на ўмовах, якія напісала Расея пры дапамозе сваіх альянсаў. І калі мы гэта пазначым у дакумэнце, мы будзем мець правільны кірунак», — заявіў кіраўнік фракцыі «Самадапамога» Алег Беразюк.

Украінскія палітыкі ды грамадзкія актывісты перакананыя, што фармаваньне новых прынцыпаў вонкавай палітыкі мае адбывацца, зыходзячы зь неабходнасьці спыненьня агрэсіі Расеі і аднаўленьня ўкраінскай юрысдыкцыі анэксаванага Крыму ды Данбасу. «Сёньня нашыя дыпляматычныя службы павінны думаць, як нам арганізаваць саюзьнікаў на стрыманьне нашага галоўнага патэнцыйнага ворага, якім ёсьць Расейская Фэдэрацыя», — мяркуе колішні міністар замежных спраў Украіны Ўладзімер Агрызка.

Народны дэпутат, кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў ініцыюе стварэньне адмысловай пляцоўкі для перамоў па вяртаньні Крыму. «Кожны тыдзень павялічваецца колькасьць крымскіх палітвязьняў — трэба выносіць гэтае пытаньне на перамовы на ўсіх узроўнях. І трэба ствараць асобную пляцоўку па перамовах адносна Крыму — гэтак званыя, перамовы «Жэнэва плюс». Гэтая ініцыятыва была агучаная, але, на жаль, не рэалізуецца», — адзначыў ён.

У той жа час двое дэпутатаў парлямэнту прапанавалі актывізаваць стасункі Ўкраіны ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне, у які ўваходзіць і Беларусь.

Нам трэба думаць пра свае стратэгічныя інтарэсы — Балта-Чарнаморскія краіны, якія знаходзяцца між Балтыйскім ды Чарнаморскім морам — гэта і ёсьць нашыя стратэгічныя саюзьнікі.

«Угода пра асацыяцыю Ўкраіны з Эўразьвязам дагэтуль не ратыфікаваная. Вайсковая дапамога не надаецца. Украіна завязла ў менскіх перамовах, і сёньня ў гэтых дамоўленасьцях запісана, што Расея ня ёсьць бокам канфлікту. Там, як суб’екты фігуруюць асобныя рэгіёны Луганскай ды Данецкай абласьцей, а не Расея, якая пачала супраць нас вайну. Прычынай гэтага ёсьць непаўнавартасная і абсалютна неадэкватная вонкавая палітыка Ўкраіны, якая накіравана не на абарону нацыянальных інтарэсаў. Нам трэба думаць пра свае стратэгічныя інтарэсы — Балта-Чарнаморскія краіны, якія знаходзяцца між Балтыйскім ды Чарнаморскім морам — гэта і ёсьць нашыя стратэгічныя саюзьнікі. Зь імі мы маем шукаць, як змагацца супраць Масквы і супраць камэрцыялізацыі, якую мы бачым на захадзе Эўропы», — заявіў народны дэпутат Андрэй Ільленка, які прадстаўляе ў парлямэнце партыю «Свабода».

Дэпутат ад фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Аксана Білазір таксама, як і Андрэй Ільленка, настойвае на актывізацыі стасункаў Украіны з краінамі Балта-Чарнаморскага рэгіёну. «У Вярхоўнай Радзе абвясьцілі пра стварэньне новага міжфракцыйнага аб’яднаньня Балтыйска-Чарнаморскай ініцыятывы „Міжмор’е“. Мы маем выйсьці на фармаваньне ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе новай ініцыятывы — Балтыйска-Чарнаморскай асамблеі», — заявіла Аксана Білазір.

Мы маем выйсьці на фармаваньне ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе новай ініцыятывы — Балтыйска-Чарнаморскай асамблеі.

Старшыня парлямэнцкага камітэту замежных спраў Ганна Гапко, якая ініцыявала правядзеньне парлямэнцкіх слуханьняў адносна новай вонкавай палітыкі Ўкраіны і неаднойчы выказвалася за неабходнасьць зьмены фармату зносінаў між Кіевам і Менскам, паабяцала, што ўсе прапановы будуць улічаныя пры фармаваньні новай зьнешнепалітычнай стратэгіі Ўкраіны.

«Але ніводнай бацылы папулізму ня мае трапіць у нашыя далейшыя крокі. Часу няма, і Украіна мае фармаваць свой прагматычны парадак дня, прасоўваючы ўкраінскія інтарэсы. Дыпляматычны фронт мае атрымаць дастатковае фінансаваньне для якаснага рэфармаваньня дыпляматычных устаноў і разбудовы консульскай сеткі, для залучэньня прафэсіяналаў і выкарыстаньня сучасных інструмэнтаў для прасоўваньня эканамічных інтарэсаў. Вонкавая палітыка ёсьць працягам унутранай палітыкі, і для посьпеху нам патрэбна нацыянальнае адзінства, каб улада, палітыкі, грамадзкасьць працавалі як адна каманда, якая грае на карысьць нацыянальнай зборнай дзяржавы Ўкраіна», — заявіла Ганна Гапко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG