Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаед» з Магілёва вырашыў змагацца з прэзыдэнцкім дэкрэтам


 Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

«Беларусь становіцца краінай, у якой уводзіцца падатак на жыцьцё. Службоўцы, якія пакліканыя служыць людзям, няволяць іх», — кажа жыхар Магілёва Станіслаў Паўлінковіч.

Паўлінковіч: «Падатак на дармаедзтва няволіць краіну»

У 2014 годзе Станіслаў звольніўся зь дзяржаўнага прадпрыемства. На некалькі месяцаў зьехаў на заработкі на расейскую поўнач, але праз суворы клімат, не дабыўшы да канца вахты, вярнуўся на радзіму, спадзеючыся ўладкаваць тут сваё жыцьцё. Знайсьці сабе годны занятак у 2015 годзе ня змог. Атрымаў спавяшчэньне, што мусіць заплаціць падатак на дармаедзтва.

«Доўгім і бясплённым стаўся пошук работы па сваёй спэцыяльнасьці эканаміста, бо ўсюды патрабаваўся досьвед працы, якога па заканчэньні інстытуту ў мяне не было», — напісаў Свабодзе Станіслаў.

«На мностве прадпрыемстваў Магілёва мне адказвалі: „У нас скарачэньні, для сваіх няма работы“, — пісаў ён у лісьце, які даслаў у рэдакцыю Радыё Свабода. — Хадзіў таксама па вакансіях зь біржы працы. Высьветлілася, што блізу 80 працэнтаў іх несапраўдныя. Зь цяжкасьцю ўладкаваўся на працу ў чэрвені 2016 году. Днямі атрымаў ліст, што я дармаед».

Спавяшчэньне аб падатку на дармаедзтва
Спавяшчэньне аб падатку на дармаедзтва

«Па сутнасьці, Беларусь становіцца краінай, дзе ўводзіцца падатак на жыцьцё. Службоўцы, якія пакліканыя служыць людзям, няволяць іх, — робіць высновы Станіслаў. — Лічу гэта здрадай і злачынствам супраць народу...»

Жыве Станіслаў Паўлінковіч у адным са спальных раёнаў Магілёва. Яму 27 год. Журналіста Свабоды магілёвец сустрэў у цішотцы з Пагоняй. На сьцяне аднаго з пакояў — бел-чырвона-белы сьцяг. У жытле прыбрана. Станіслаў жыве адзін. Кажа, што хоча стварыць сям’ю, але дастатак пакуль не дазваляе.

Станіслаў лічыць, што беларусы павінны актыўна пратэставаць супраць дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб дармаедзтве».

«Калі мы будзем маўчаць, то наўпрост ператворымся ў рабоў, а імі, вядома ж, лягчэй кіраваць. Калі народ не пратэстуе, то нацыя папросту зьнікае», — кажа суразмоўца.

«Я не спадзяюся, што дэкрэт пасьля маіх лістоў у СМІ адменяць. Яго можа адмяніць толькі той, хто цяпер кіруе ў Беларусі, альбо — калі ў краіне ўсталюецца дэмакратычная ўлада, — працягвае ён. — У Беларусі парушаецца Канстытуцыя. У яе 41 артыкуле запісана, што прымусовая праца забараняецца. Дэкрэт жа практычна ўзаконьвае прымусовую працу. Таму гэтаму дэкрэту варта радыкальна супраціўляцца. Калі будзем маўчаць, то ператворымся ў рабоў. Улада ўводзіць фактычна падатак на жыцьцё».

Як аднаму, дык заробку хапае

Сплачваць падатак Станіслаў не сьпяшаецца. Спадзяецца, што праваабаронцы, да якіх ён зьвярнуўся, дапамогуць яму пазьбегнуць сплаты. Не выключае, што грошы пачнуць спаганяць безь ягонага дазволу зь цяперашняга заробку.

«Добраахвотна выплачваць яго я не зьбіраюся. Рассылаючы спавяшчэньні з пагрозамі прымусовай выплаты, улада запалохвае насельніцтва», — кажа ён.

На ягоную думку, заявы пра масавыя выплаты падатку — падман.

Дыплём эканаміста застаецца незапатрабаваны
Дыплём эканаміста застаецца незапатрабаваны

«У краіне цяжкое эканамічнае становішча. У людзей няма працы. Яны азлобленыя на ўладу. Наўрад ці яна наважыцца прымусова спаганяць зь людзей грошы ды садзіць на пятнаццаць сутак», — кажа Станіслаў.

У 2015 годзе па сканчэньні магілёўскага Інстытуту правазнаўства, кажа суразмоўца, ён актыўна шукаў працу, але высьветлілася, што эканамісты бяз досьведу нікому не патрэбныя.

«У мяне былі толькі часовыя падпрацоўкі зь мізэрным заробкам. Можна сказаць, што я сядзеў на хлебе і вадзе. На ўлік у службе занятасьці не станавіўся, але хадзіў па тых вакансіях, якія былі вывешаныя на стэндах установы. У мяне няма блату, каб уладкавацца, і досьведу працоўнай дзейнасьці. Сталую працу адшукаў толькі мінулым летам на дзяржаўным прадпрыемстве. Як я адзін, то заробку хапае. Задаволенасьці няма працаю, але і альтэрнатывы ёй няма», — кажа Станіслаў.

У Расею ні нагой

На поўнач, кажа, падаўся, каб зарабіць, але адпрацаваў там нядоўга.

Паўлінковіч бачыў тубыльцаў расейскай поўначы
Паўлінковіч бачыў тубыльцаў расейскай поўначы

«Адпрацаваў на Ямале меней за тры месяцы. Рабіў рознарабочым. Там хварэў. Была пагроза жыцьцю, бо дужа суворы там клімат. Тыя мясьціны амаль ля самага Паўночнага полюсу. Ня ўсе вытрымлівалі ўмовы працы. Вырашыў вярнуцца на радзіму. Наагул мая пазыцыя, што варта грошы зарабляць на радзіме, але тут такая задача цяжка выканальная. 400 рублёў лічацца ў Магілёве дужа добрым заробкам. Але гэта толькі 200 даляраў. Які гэта заробак для мужчыны?», — кажа Станіслаў.

Паводле яго, на Ямале робіць нямала беларусаў. Наймае іх сэрбская фірма.

Праца на расейскай Поўначы для беларуса ня цукар
Праца на расейскай Поўначы для беларуса ня цукар

«Там многа і сэрбаў. Расейцаў няшмат. У асноўным найміты зь іншых краін занятыя, — кажа Станіслаў. — Сэрбы дужа кепска гаварылі па-расейску. Трымаліся сваёй грамады і сваёй мовы. Яны лічылі, што паколькі сэрбская фірма наймае працаўнікоў, то працаўнікі мусяць ведаць сэрбскую мову. Я калі зь імі папрацаваў, дык ужо мог паразумецца, бо ўцягваесься ў іхнае моўнае асяродзьдзе».

Станіслаў заўважае: беларусы на чужыне з усімі здольныя паразумецца. Яны не канфліктныя і працавітыя. Нямала сустракаў землякоў, якія злоўжывалі алькаголем. Неаднойчы быў сьведкам, як такіх выпраўлялі на радзіму.

Больш у Расею на заробкі не паеду
Больш у Расею на заробкі не паеду

«Цяпер ехаць у Расею на заробкі — гэта вялікая рызыка. Там дужа махлююць з выплатамі. Беларусы ў Расеі з расейцамі ніякіх роўных правоў ня маюць. Той, хто пра такое заяўляе — ашуканец. У Расеі беларус — іншаземец. Крый божа там захварэць іншаземцу — вялізныя грошы аддасі за лячэньне. Таму там небясьпечна знаходзіцца і працаваць. Беларусаў жа змушае эканамічная сытуацыя ехаць за тысячы кілямэтраў ад сямей, каб зарабіць. У мяне асабіста жаданьня працаваць у Расеі больш няма», — кажа Станіслаў.

Адміністрацыйную справу спынілі празь недаказанасьць віны

Станіслаў стараецца бываць у Менску на ўсіх акцыях пратэсту. Яго дзівіць, што гэтыя акцыі зьбіраюць няшмат людзей.

«Сумна, што на пратэст выходзіць па дзьвесьце чалавек. Усе незадаволеныя сядзяць у інтэрнэце. Спадзяюся, што калі-небудзь беларусы пераадолеюць сваю жыцьцёвую пасіўнасьць і сытуацыя ў краіне зьменіцца, бо становіцца ўсё горш ды горш і няясна, як жыць далей. Я не зьбіраюся зьяжджаць адсюль, хоць ведаю, што мне тут жыць спакойна не дадуць», — кажа Станіслаў.

Паўлінковіч паказвае ліст, якім паведамілі: адміністрацыйная справа супраць яго спыненая
Паўлінковіч паказвае ліст, якім паведамілі: адміністрацыйная справа супраць яго спыненая

Суразмоўца прыгадаў сваё нядаўняе затрыманьне ля дома, калі зьбіраўся ў Менск на акцыю пратэсту «За новыя свабодныя выбары».

«Мяне пратрымалі шэсьць гадзін у пастарунку. Склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за, нібыта, перапост са старонкі Мікалая Статкевіча закліку зьбірацца на Кастрычніцкай плошчы. Дзякуючы незалежным мэдыям, у тым ліку і Радыё Свабода, справу супраць мяне прыпынілі празь недаказанасьць віны. Міліцыянты пераконвалі, што я заклікаў людзей да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Я ж цьвердзіў, што маю канстытуцыйнае права распаўсюджваць інфармацыю».

За паўтара года грамадзкай актыўнасьці назьбіраўся архіў «вітаньняў» ад службоўцаў
За паўтара года грамадзкай актыўнасьці назьбіраўся архіў «вітаньняў» ад службоўцаў

Няма, казаў Станіслаў, і тых, хто гатовы змагацца за лепшую долю. Хоць незадаволеных палітыкай улады даволі, але ўгаварыць іх паехаць у Менск на акцыі пратэсту не ўдаецца.

«Разуменьне неабходнасьці ўдзельнічаць у пратэстах прыйшло да мяне пасьля таго, як вызвалілі Мікалая Статкевіча. Да гэтай падзеі ў мяне не было ніякага спадзеву на лепшае жыцьцё. Тады я засьпеў сябе на думцы, што варта браць адказнасьць за краіну на сябе і рабіць добрае дзеля яе», — кажа Станіслаў Паўлінковіч.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам
Пад бел-чырвона-белым сьцягам

Эўрапейская будучыня Беларусі
Эўрапейская будучыня Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG